Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 82

Алесь Пашкевіч

— Прыеліся нам змены ды неразбярыхі. Хай прыйдзе цар-бацюхна ды разбярэцца. Парадак навядзе сваёй строгай рукой…

І новая мара апанавала Івана: адыходзяць Лівонія і Казань — а я збяру землі славянскія, і ад моцы такой дзяржавы аслепнуць ворагі!

У Маскву прыехаў упаўнаважаны польска-літоўскай дзяржавы Варапай і, паведаміўшы пра смерць свайго караля, сказаў аб прапанове сенатараў шукаць ягонага наступніка ў суседніх землях.

— Многія жадалі б бачыць на тым месцы маскоўскага царэвіча, — загадкава падагульніў ён.

А Іван нібыта ўжо быў да таго падрыхтаваны — спакойна прыгладзіў сухенькую бараду, узняў свой востры нос і, пад руку правёўшы даўганогага Варапая ў трапезную, дзе наладжвалася найбагацейшая пачостка, загаварыў задаволена, ласкавым шэптам:

— А што… Некалі яшчэ бацька мой выступаў прэтэндэнтам на польскі сталец. Ведаю, што ў Польшчы і Літве пра мяне распускаюць чуткі як аб чалавеку злым і жорсткім. Але на каго я злы? Супраць здрадаў баярскіх, якіх у тваёй дзяржаве няма, злы, а таму я буду абыходзіцца з вашымі людзьмі інакш. І не толькі захаваю там старыя прывілеі, але і новыя дам. Для добрых людзей — і я добры! Ім гатоў апошнюю адзежу аддаць, — і цар нечакана пачаў расшпільваць расшытую золатам далмаціку, каб накінуць яе на госця.

Варапай, спалохаўшыся, далікатна затрымаў ягоную руку і ніякавата ўдакладніў:

— Наш сенат разаслаў такіх людзей, як я, у некалькі краінаў. І кандыдатаў будуць выбіраць прынародна — сенатары і дэлегаты… Мне ж даручана было разведаць пра магчымасці маскоўскіх царэвічаў — Фёдара ці Івана.

Аднак цар нібыта не зразумеў:

— Так, я маю двух сыноў, і яны для мяне — як вочы. Навошта ж вы хочаце зрабіць мяне сляпым? Ды і ўявіце, якая хрысціянская дзяржава створыцца — як Рым з Канстанцінопалем, як новы Іерусалім! — і ягоныя вочы апантана загарэліся пад парадзелымі брывамі. — А калі мяне абяруць польскім гасударом, я гатоў падарыць Полацак.

Варапай мусіў тэрмінова адкланяцца і ад’ехаць, каб перадаць пачутае ў Кракаў. А праз месяц у Маскву вярнуўся пасол Вялікага Княства Міхаіл Галабурда — і перадаў цару новыя ўмовы: зварот не толькі Полацка, але і Смаленска, а таксама прыняцце царом каталіцкай веры. Калі гэта абгаворваецца, цару неадкладна належыць выслаць у Варшаву сваіх давераных асобаў у складзе новага маскоўскага пасольства, каб мець сустрэчы з сенатарамі і выбарцамі ды папулярызаваць свайго патрона.

— Што?! Я цябе правільна зразумеў? — грозна зіркнуў на пасла Іван. — Я павінен яшчэ некаму нешта даказваць? Калі Рэч Паспалітая хоча сабе каралём маскоўскага цара — а я перакананы, што большасць народу хоча таго, — хай ідзе і чалом б’е! Я ж — не бедны жаніх на выданні! — ён хацеў яшчэ сказаць штось узнёслае і ўрачыстае, але нечакана ў галаве бліснула Кацярына, і загарэлася крыўда на яе з нябожчыкам-братам Жыгімонтам, і гнеў на ўсіх езуітаў-каталікоў. — У свеце няма гасудароў, якія б маглі пахваліцца сваім манаршым родам у два стагоддзі. А я — нашчадак рымскіх кесараў! А таму выпрошваць лаўры ў свой вянок не збіраюся, як некаторыя немцы ці французы, і вазьму, што належыць, сам. І каранаваць мяне будзе наш мітрапаліт, — цар з недаверам агледзеў Галабурду і, хоць вопытны ў дыпламатыі прыгожы твар тога не люстраваў аніводнага пачуцця, накінуўся з прыдзіркамі: — А што ты ўсміхаешся? Што такі задаволены? Разумней усіх?! Думаеш, не ведаю, як ты, у Маскве жывучы, лісты ад Жыгімонта ворагам маім перадаваў ды да здрады іх падштурхоўваў? І атрутай юдаў-курбскіх цешыўся? Можа, і друкароў маіх нагаварыў уцячы? Чуў, яны там цяпер Хадкевічам ды Радзівілам прыгрэтыя. У людвісарнях1 варожых гарматы пачалі ліць… — і цар замоўк.