Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 85

Алесь Пашкевіч

Іван мусіў паслаць Батуру ў Вільню мірную эпісталу, у якой назваў караля братам. За мір прапаноўвалася ўся Лівонія, і, калі трэба, Іван пагаджаўся нават адмовіцца ад свайго тытулу, паколькі, як завяршаўся ліст, ён — гасудар не з учарашняга дня, а Богам памазаны цар — вышэй дзяржавы.

Але Батура расчытаў Іванава яхідства — і запатрабаваў у Масковіі разам з Лівоніяй Ноўгарад з Псковам і Смаленскам. І, атрымаўшы ад Івана адказ з абразамі, накіраваўся ў Полацак — рыхтаваць новую кампанію. А каб не прайграць вайны слоўнай, каралеўская канцылярыя падрыхтавала Івану адказ на сарака друкаваных старонках, які стаў вядомым у многіх еўрапейскіх дварах. «…Нагадваем табе, хто паўсюдна хваліцца сваім Божым абранствам ды радством з рымскімі імператарамі, што маці твая была дачкой простага літоўскага здрадніка, а продкі твае злізвалі малако з хвастоў татарскіх кабылаў. Кроў жа сваю ты назаўсёдна спаскудзіў у паганых оргіях… І кура ратуе куранят сваіх, а ты, арол двухгаловы, баязліва хаваешся!».

А што яму, загнанаму ў пастку паміж захадам і поўднем, было рабіць, — з пустой казной і без адзінага саюзніка? Выправіў усе палкі на абарону Пскова, а сам з некалькімі сотнямі верных апрычнікаў схаваўся ў п’янках ды разгулах. І вымольваў хоць часовае перамір’е. І скрыгатаў зубамі, калі віцебскі ваявода захапіў ягоную цвержу паміж Смаленскам і Лукамі — ды загадваў лепш аддаць усю вобласць, а не пярэчыць ворагу.

І ўсімі сваімі жыламі ды венамі адчуваў, што няма чалавеку на зямлі горшай кары, як перажыць узлёт свой паднебны ды зведаць гібель зробленага і задуманага! Сусед-кароль, аб існаванні якога ён, цар і ўладар вялікай зямной прасторы, яшчэ некалькі гадоў назад і не здагадваўся, здольны адабраць у яго не толькі здабытае, але і задуманае: Батура хоча даказаць, што шлях з Канстанцінопаля ў Маскву ішоў праз Кіеў і Полацак і што трэцім Рымам, як і новым Канстанцінопалем, з’яўляецца ягоная, а не Маскоўская, дзяржава!

Івана нішчылі і звонку, і знутры, і страшныя прадчуванні ўжо не пакідалі царскую галаву. Ён разаслаў па ўсіх манастырах граматы з просьбай памаліцца за свае грахі — і сам зажадаў манашскага пострыгу.

Цар скрывіўся — і стаў меншы ростам. Некалі шырокія грудзі яго ссохлі і выяўлялі цяжкае дыханне пакутніка. Нос завастрыўся і выгнуўся, а вочы заглыбіліся пад высахлыя скулы.

Ён ужо не брыў галаву, і на вушы ападалі тонкія сівавата-рудыя пасмы — ды зліваліся з камечанай барадой.

Цела ягонае распухла і пакрылася незагойнымі раскелінамі. Ногі не трымалі, і цара вымушаны былі насіць.

Падобная слабасць здаралася яшчэ некалькі гадоў таму, але траўнік Бамелій знімаў яе нейкім белым прысакам. Цяпер ён сам — прысак, бо быў абвінавачаны ў крамольных сувязях з Батурам і спалены. Новыя ж лекары анічым дапамагчы не маглі. Ды і не давяраў ім цар, еў і піў толькі з рук новага прыбліжэнца Бельскага, апрабаванага яшчэ апрычнінай. Гэты кучаравы недачасна памажнелы дзяцюк з нярвовай чырванню на шчоках і пульхна-вільготнымі вуснамі ў апошнія месяцы быў з царом неадлучна…