Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 83

Алесь Пашкевіч

Галабурдзе гаварыць не было чаго. Пасольства пачало развітвацца, а Іван, ужо лагодна хітаючы галавой, давяршаў свой маналог:

— Анікому нельга верыць: ні другу, ні жанчыне, ні дзяржаве.

…Няма горшага пакарання на гэтым свеце, як бачыць гібель зробленага табой і нязбытнасць задуманага. Бачыць, як прахам ідуць жыццёвыя патугі, як знікае тое, на што спаліліся ўсе сілы ды нервы. І спадзяванні…

У снежні 1575 года каралём Рэчы Паспалітай быў абраны невядомы ў Масковіі Батура, і наноў абражаны і разгневаны Іван вырашыў напачатку адпомсціць шведам ды іхняму Юхану. Цар сам ачоліў паход на занятыя шведамі эстонскія землі, асадзіў важны стратэгічны горад Пернау, які некалі заняў Жыгімонт, і захапіў Леаль, Лодэ, Фікель, Гапсаль, спустошыў Эзэль. І крыху супакоіўся.

Аднак пасля шасцімесячнай асады Рэвеля перад шведамі адступіла войска Шарамецьева, а сам князь загінуў. Спешна сабраўшы пад Ноўгарадам новае войска, Іван зноў павёў яго ў паход — але ўжо не на Рэвель, а на польскія ды літоўскія землі Лівоніі. Помсцячы за свае абразы, ён загадваў ярасна караць палонных: выколваць вочы, секчы і паліць.

Пад нечаканай навалай не ўстаялі некалькі гарадоў-цвержаў — і пачалі даходзіць звесткі аб тым, што супраць маскоўцаў збіраецца вялікае войска Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства пад ачолам самога караля Батуры, — але Іван яшчэ не мог супакоіцца. Пакінуўшы полк стральцоў рабаваць Амерадэн, ён з тысячай сваіх апрычнікаў падаўся ў Вендэн і заняў горад. Гарнізон цвержы не захацеў здацца і ўзарваў сябе. І тады Іван загадаў пасадзіць на кол аднаго з самых тытулаваных палонных немца Віка. Усміхнуўся, пачуўшы ягоныя стогны, — і падаўся ў Дэрпт, дзе сустрэўся з палком стральцоў, прысутнічаў пры пакаранні жонкі і дзяцей уцекача Курбскага, пасля чаго з’ехаў у Маскву.

Але і дома не мог суняцца. Пасля доўгага застолля сярод начы прывёў ён конны атрад апрычнікаў у Нямецкую слабаду, і сыны Іван з Фёдарам былі з ім. З дамоў пачалі выцягваць і гвалціць сонных дзевак, а тых, хто крычаў ды непакорыўся — забівалі на месцы. Багатыя іншаземцы прапаноўвалі выкуп — грошы ў іх бралі, але ўсё роўна білі. Калі ж небаракі пачыналі маліцца — ім адразалі «ерэтычныя» языкі. Трупы складвалі ў крушні і палілі. Малодшы царэвіч, не вытрымаўшы крывавага відовішча, уцёк — і толькі тады бацька загадаў вяртацца ў Крэмль.