Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 86

Алесь Пашкевіч

Перад сном Іван захацеў наведаць скарбніцу, доўга разглядаў каштоўныя камяні й падарункі, распавядаў, хто і калі іх перадаў ці прыслаў.

— Гэты алмаз — найбольшы ў свеце. Ён суцішае гнеў і дапамагае чалавеку саўладаць з сабой. Але я не дакранаўся да яго… Цяпер толькі… — цар пакруціў камень перад агнём свяцільні і паклаў назад у шкатулу. — А вось гэты скіпетр са слановага біўня, які завецца Адзінарог, адшкадаваў мне некалі імператар Максіміліян. Паслы казалі, што ён лякуе ад цяжкіх хваробаў, нават мор адганяе.

— Дык, можа, гасудар загадае яго ў апачывальню перанесці? — далікатна прапанаваў Бельскі, і ў ягоных вытарачаных — як у рака — вачах бліснула надзея.

— Позна… — цар аблізнуў губы і цяжка ўздыхнуў. — Завуць бацькі да сябе. Ды і Бацька нябесны пытанні рыхтуе… Памятаеш? — ён узняў доўгую галаву і прашаптаў: — «Разышлася тады вестка між братамі, што вучань той не памрэ. Але Ісус не сказаў: „Не памрэ“, а толькі: „Калі Я хачу, каб ён застаўся, пакуль прыйду, што табе да таго?“… Ёсць яшчэ шмат іншага, што ўчыніў Ісус, але каб усё запісаць падрабязна, дык, думаю, не змясціў бы ўвесь свет кніг, якія б меліся быць напісаны»1, — і раптам цар ажыў, наструніўся і, зрываючы да хрыпаты голас, закрычаў: — Дзе кніга?! Кніга дзе?!! Па якой я перад Макарыем чытаў, якая ў Адашаву смуту ў мяне пад галавой ляжала?

Бельскі неўразумела лыпаў чырвонымі вачыма, а цар ажно задыхаўся:

— Дзе, пытаю, кніга?.. Евангелле ад Іаана… рукапіснае… з Візантыі мне прывезенае… дзе?!.

Яму стала млосна, ліхаманкава задрыжэлі рукі і галава, у вачах пацямнела.

— Худа мне… Худа… Нясіце адсюль… Другім разам дагледзім…

Назаўтра, 18 сакавіка 1584 года, цар адчуў сябе лепш. Уся дворня, архіўнікі і пісчы загад сполашна шукалі візантыйскі манускрыпт, а Іван першы раз за тыдзень паеў і загадаў нагрэць лазню. Пазваў сына Фёдара і доўга наказваў, як належыць кіраваць дзяржавай і народам: дабрачынна, з любоўю і мілатой, пазбягаць вайны з хрысціянамі, памяншаць падаткі-цягла, вызваляць з турмаў палонных ды вязняў. Хворы на галаву Фёдар уважліва слухаў і, задаволена ківаючыся, усміхаўся…

Пасля лазні цар узлёг каля невысокага шахматнага століка і пачаў расстаўляць фігуры: караля, каралеўну, пешкі… Паслабелая рука ўзняла каня — і знерухомела.

«І вось конь сіні, і на ім вершнік, імя якому смерць», — ці прашаптаў, ці падумаў Іван — і праваліўся ў чорны квадрат шахматнай дошкі…

8

— …Не знаю, як і сказаць… — па закрытай лініі гучаў нацята-спалоханы голас старшыні Службы дзяржбяспекі Бадакіна. — Заяц… захапіў цягнік у метро. Састаў — амаль пад Адміністрацыяй, а ў яго — бомба…

— Ты што — укалоўся?! — правіцель неўразумела правёў пальцам па вуснах.

— Ніякае на хер не ўкалоўся! Што рабіць?!.

Раней падобным тонам гаварыць з гаспадаром старшыня Савета бяспекі нават і ў думках не высмельваўся, што — як нашатыр — ацверазіла Мароза.

— Дык ён жа ногі лячыў… І як… захапіў цягнік?.. Навошта?! — у роце стала суха і горка.

— Захапіў, кажу. Ён не адзін. Па электронцы ліст прыйшоў… І ў дыспетчарскую па рацыі паведамілі. У Зайца бомба ў кейсе! Праверылі — не бляфуе. У яго на хаце знайшлі ўсе прычындалы! Траціл і ўсё такое… І яшчэ некалькі «эргэдэшак»… Мае прабілі па «серыйцы» — начынне з Горна-Касоўскай аўтаноміі. Верагодна, і памочнікі ў яго адтуль…