Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 81

Алесь Пашкевіч

Пасля ад’езду шведскіх паслоў цар загадаў прывезці сялянскіх дзевак, якіх распрануў дагала і прымусіў лавіць курэй, гарэзна палохаючы:

— А тую, якая не здолее, будзе лавіць ужо наш мядзведзь!

Затым цар служыў усяночную і, стомлены ды супакоены, адправіўся ў апачывальню, дзе тры сляпыя старцы па чарзе ўсыплялі яго доўгімі казкамі.

Але сон не браў ягоны ўзбуджаны і распалены мозг, і зноў з зацемненага лампаднага вугла на поўным галопе на яго выляталі чырвоныя коні, таўклі капытамі падлогу і халодны ложак, трушчылі ягонае цела і знікалі ў супрацьлеглай сцяне — каб праз хвілю пякельнага круга з’явіцца наноў. На самым вогненным і ліхім скакуне сядзела голая Кацярына і па-заліхвацку наравіла кінуць на Івана ні то аброць, ні то пятлю. Ён і сам мерыўся скочыць да яе на цёплы конскі азадак, але ногі абломваліся, а за ложкам адкрывалася чорная яма…

Лекар прыносіў Івану супакойны адвар, і коні больш не вярталіся, а падлога ў апачывальні выроўнівалася.

— Я цар-ігумен, і мне не належыць жонку мець… — гучна ўгаворваў сябе ў снах Іван. — Я з усёй дзяржавай заручоны…

Кацярына рабілася ягоным сімвалам недасяжнасці і пакуты. Ва ўсіх сваіх жанчынах, пачынаючы ад другой жонкі Марыі, ён бачыў яе — непадатлівую Ягелонку, і шукаў тую ў сваіх каханках, і помсціў за яе, не знайшоўшы, любіў — і ўадначас караў за свае крыўды. Марфу Сабакіну знайшлі мёртвай праз некалькі дзён пасля разгульнага вяселля. Ганну Калтоўскую загадаў адвезці ў манастыр. Марыю Даўгарукую выгнаў з апачывальні пасля першай шлюбнай начы — яе ў санях укінулі ў рэчку. І зажыў з дзвюма — Ганнай Васільчыкавай ды Васілісай Мяленцевай, якіх прывёз аднекуль Малюта Скуратаў і якія люта ўзненавідзелі адна адну, чым, напачатку павесяліўшы гаспадара, прыспешылі свае канчыны…

«Пасля іх я падару табе, валадар, і цнатліўку Літву, і ганарліўку Польшчу», — згадаліся словы Скуратава, якім так і не наканавана было збыцца: верны пёс Малюта склаў сваю галаву ў Лівоніі. У адказ Іван загадаў спаліць жывымі ўсіх палонных — лівонцаў, немцаў, шведаў, і зноў задумаўся над абяцаннем слугі-нябожчыка.

Пасля Люблінскай уніі Літва з Польшчай склалі адну дзяржаву — Рэч Паспалітую, і ейны трон-ложак пасля Жыгімонтавай смерці быў вольным.

— Ліс не пакінуў нáшчадзі і не дамогся маёй смерці, — разважаў Іван. — А таму ці не зрабіць мне жонку яго, дзяржаву яго, сваёй наложніцай?

Усё часцей заходнія віжы ды пасланцы даносілі яму: Польшча з Літвой разглядаюць магчымасць запрасіць да сябе каралём маскоўскага цара. Найперш шапталіся аб тым простыя рамеснікі ды дробная шляхта, даводзячы: