Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 80

Алесь Пашкевіч

Аб той эксгумацыі-рэстаўрацыі яму — яшчэ зялёнаму студэнту — распавядаў у каларытных і чуллівых дэталях прафесар Заяц. І на лекцыях, і на семінарах. Тады ён, камсамолец, успрымаў тое пацешнымі байкамі. Ды і пазней не да спірытычных штучак было, аж пакуль нешта не загарэлася, не перапстрыкнулася ў ягонай галаве…

Правіцель пракасалапіў да пастамента і, адчуваючы ва ўсім целе п’янкую дрыготку, прыліп памутнёнымі зрэнкамі да пустых вачніцаў шэра-попельнага чэрапа…

VIII

Няма горшага пакарання, як бачыць гібель зробленага табой. Бачыць, як за некалькі гадоў прахам ідуць жыццёвыя патугі, як знікае тое, на што спаліліся ўсе сілы і нервы.

Яшчэ аб тым не здагадваліся нават хцівыя баяры, не гаворачы аб войску ды служывых, яшчэ дзяржаўнымі клопатамі штодня напаўнялася тронная зала палаца ў Аляксандраўскай слабадзе, па-ранейшаму грозна на каменныя калоны абапіраліся цяжкія столевыя зводы, яшчэ раскоша паўзла па аграмадных дыванах ад нізкіх уваходных дзвярэй (і кожны зáйшла, якога б роду-племені ні быў, мусіў у іх кланяцца), яшчэ ўладарна ўтрымлівалі белы трон фантасмагарычныя фігуры антычных звяроў, і з левага боку — як у прымальні рымскага Папы, rex’а sokrarum’а, годна ўзвышаўся вобраз Багародзіцы, а злева — вобраз Збаўцы, і яшчэ не астыла храмнае ўражанне, якое надавалі вымаляваныя на сценах біблейскія сюжэты, яшчэ перапаўняліся адданасцю маладыя целаахоўнікі ў белых аксамітных накідках з вернымі сякерамі на плячах, і па-ранейшаму падчас ягонага з’яўлення ў доўгім далмаціку з ціярай на галаве і дзяржаўным посахам прысутных (ні то ваяроў, ні то манахаў у высокіх белых шапках з залатымі ланцугамі на грудзях) апаноўвала рабскае маўчанне, — а ён, валадар у самай сіле і вопыце, ён ужо прадчуваў, што ўсяму гэтаму надыходзіць канец.

І першымі аб тым абвесцілі — як страшныя вершнікі Апакаліпсіса — татарскія гізалы, якія ў адзін дзень захапілі і спалілі Маскву, пакінуўшы некранутым адзін Крэмль. Іван мусіў хавацца ў сваёй слабадзе, пакуль праваслаўная кроў лілася на вуліцах ахопленай агнём сталіцы, а мітрапаліт з духавенствам чакалі смерці, зачыніўшыся ва Успенскім саборы.

Сцены Аляксандраўскай слабады былі замалымі, і цар са сваімі апрычнікамі-баярамі перабраліся ў Ноўгарад, нядаўна люта разрабаваны імі. Там летам 1571 года скамянеламу Івану зачыталі ханскае пасланне: «Я разрабаваў зямлю тваю і спаліў сталіцу. Ты ж не прыйшоў абараняць людзей сваіх. А яшчэ хвалішся, што цар маскоўскі! Знай: я не хачу багаццяў і земляў тваіх. Я, каторы бачыў дарогі дзяржавы тваёй, забяру назад Казань і Астрахань…».

Не пасаладзіла царскай роспачы нават вестка пра смерць ненавіснага Жыгімонта, — толькі наноў распаліла ягоныя думы аб каралеўскай сястрыцы. І загадае Іван прывезці да яго ў Ноўгарад шведскіх паслоў ды зноў загаворыць з імі аб Кацярыне.

Агаломшаныя нашчадкі вікінгаў нагадаюць, што Кацярына цяпер — іхняя каралева, а шведскае войска пад ачолам караля Юхана цісне маскоўскае ў Фінляндыі, аднак Іван будзе рабіць шчыры выгляд, што не чуў аб тым і што, наогул, усё тое вар’яцкія нагаворы. А назаўтра загадае перадаць каралю Юхану наступную эпісталу: «Скажы нам, хто быў твой бацька і як звалі дзеда твайго?! Ці былі яны каралямі? Нам жа брат — рымскі імператар! Твой бацька Густаў чый быў сын? Хіба не бывала ў ягонае кіраванне, што нашыя купцы прыйдуць у ягоную краіну з салам і воскам, а ён надзене рукавіцы і пойдзе да самага Выбарга мацаць тавары ды таргавацца?.. А Кацярыну ў цябе адбіраць я не збіраўся, і быў упэўнены, што муж яе мёртвы, і хацеў вызваліць яе ды перадаць брату Жыгімонту, каб абмяняць на Лівонію…».