Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 79

Алесь Пашкевіч

На белым кані-алені і з дэкрэтам аб узнаўленні сваіх кіраўнічых функцый — у імя выратавання нацыі і вываду краіны з эканамічнага калапсу.

У той жа дзень правіцеля падтрымалі і спецслужбы, і паліцыя, і войска, якіх без яго пачалі ўжо скарачаць.

У мэтах навядзення належнага парадку была распушчаная Дума, а некалькі дзясяткаў незгаворлівых дэпутатаў павучылі каванымі ботамі і выкінулі з будынка.

— Аніхто з іх не павінен абрацца ў склад новага парламента… — як ужо аб вырашаным мовіў правіцель падчас начной нарады з сілавікамі. — Акрамя тых, хто пакінулі Думу адразу пасля майго сыходу… Па сталіцы і рэгіёнах — татальны кантроль! Асабліва — недабранадзейных! Задзейнічаць усе сілы і сродкі! І яшчэ… Раніцай разблакуйце мой сакрэтны стабфонд. Трэба тэрмінова выплаціць народу пенсіі і заробкі. Асабіста праверу! Усё.

Каменная ноч паглынала горад. Высокія сцены, якімі кіраўнікі стагоддзямі аддзяляліся ад свайго народа і якія новыя ўлады штораз размалёўвалі ў свой колер (як, зрэшты, і рэзідэнцыю), — тыя сцены нястомна кідалі на пустыя заснежаныя вуліцы доўгія цені. Памаранчавая поўня зачапілася за званіцу Архангельскага сабора і дрыжэла на марозе.

Нібыта рапартуючы ёй, нясмела міргалі жоўтымі зрэнкамі светлафоры. Завые там-сям сірэна, пратарахорыць, узнімаючы снежны пыл, БТР ці пранясецца зацемнены аўтобус з вайскоўцамі — і зноў ціша, зноў адно мёрзлыя доўгія цені.

Пасля нарады правіцель прайшоў праз пакой адпачынку да асабістага ліфта.

— Іван Уладзіміравіч, можа, што яшчэ загадаеце? — пачуўся за ягонай спіной мяккі голас усюдыіснага Жакея.

Правіцель марудна павярнуўся, бліснуў змораным, але — чаго не было даўно — задаволеным тварам, вусны ўзняліся ў нечаканай усмешцы. Ад былой памаладзеласці — ані знаку: зноў мяшкі пад вачыма, маршчыны на залысінах. Скура пажаўцела, а вочы пад кароткімі веямі — як жоўцю налітыя. Кіўнуў-падазваў пальцам — і, выцягнуўшы шыю, марудна прашаптаў памочніку ў вуха:

— Асабіста, кажу, праверу… Усё…

Затым спакойна ступіў у ліфт і націснуў кнопку «Х», якой у іншых ліфтавых кабінах Адміністрацыі не было. Толькі гэтая шахта магла ўзняць свайго пасажыра наўпрост да верталётнай пляцоўкі ды браніраванай сакрэтнай залы…

Святло ў простакутным люстэркавым пакоі з выхадам да двух калідораў уключылася аўтаматычна — як толькі спыніўся ліфт.

Лічбавы код, прыстаўленая да экраніка зрэнка — і тоўстыя дзверы ссоўваюцца. Ад ног да ўзвышэння па ўсёй вялікай зале па чарзе ўспыхваюць электрычныя паходні. Пакуль правіцель крочыць наперад — у цэнтры на столі загараецца пяцікутная жырандоля — і высвечвае старадаўні белы трон.

Новы гаспадар зачаравана пагладзіў яго выразаныя са слановай косці падлакотнікі, спінку, выяву залачонага візантыйскага арла — але не сеў, а падаўся далей, дзе — нібыта ў заалтар’і — на чорным мармуровым пастаменце ляжала чорная рáка-труна з парэшткамі цара Івана Жахлівага… Ляжала ўжо шэсць месяцаў — акурат з таго часу, калі гаспадар кабінетаў знізу вырашыў быў пакінуць іх.

Пакінуць — каб вярнуцца. Вярнуцца — як ранішняе сонца, як птушка Фенікс, як і гэтая мумія колішняга цара, некалі эксгумаваная перад рэстаўрацыяй Архангельскага сабора па яшчэ нецаркоўным савецкім загадзе.