Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 78

Алесь Пашкевіч

І загадаў вяртацца ў Маскву.

7

Надарвалася ў ім штось — і сам разумеў тое, але звязваць ні сілаў, ні ахвоты не было. Колькі ж можна: ні дня без клопатаў, звадак, даносаў, разборак? І чым далей — тым больш. А тут яшчэ як пацукі з карабля — пабеглі тыя, каму найбольш давяраў, каго настаўнікамі ці вучнямі лічыў.

«Заяц… Ці бачыце, не ўнаравіў яму, не паслухаў! То сімволіка яму не тая, то сказаў не тое, то газету нейкую прычыніў. Ну сядзі б, здавалася, на старасці як у бога за пазухай, адпачывай, лячыся ды радуйся сваім апошнім райскім гадáм! Не! Карціць вучыць, усё роўна як за жыццё не навучыў… Не студэнт жа я яму вечны! Пагражаць мне яшчэ будзе… Вось і поркайся цяпер, памідоры на лоджыі вырошчвай!

Ці яшчэ гэты змейчык-тэлежурналісцік… І тое яму, і гэта! З рук жа маіх карміўся… Хрукай ты спакойна, здавалася б, ля карыта…»

Але не гэта — галоўнае. Перадалі вынікі апошніх засакрэчаных апытанняў: рэйтынг ягоны да плінтуса апусціўся! Гэтаму электарату — хоць у паркет разбіся — пачалі імпанаваць песні ролікавых ды іхніх падпявалаў! А надвор’е такое, што хапае і адной іскры! Рабочыя з каскамі на мастах паселі… Пенсіянеры-мухаморы помнікі старым правадырам абляпілі… А гэтыя сонныя свінні з Думы ўжо імпічмент гатовяць! Узяць бы — і швайкай пад бок…

Спецслужбы харахорацца: то адзін варыянт, то другі прапануюць, — а ў яго нечакана на ўсё рукі апусціліся. Колькі ж можна? Які гэта пуп вытрымае? Нават пасля той далбанай аперацыі з плацэнтай…

Канчаткова сарваўся ён пасля гісторыі з той чарнявай студэнткай Кацярынай… Раней выпіваў толькі сімвалічна, а тут пайшло-пацякло: каньяк — віскі, віскі — тэкіла. Усю восень у Варанісе — гульбы-пацехі. І даўгалыжкі-манекеншчыцы, і грудастыя спявачкі, і прасунутыя інстытуткі… Жакей штодня соўгаўся з неадкладнымі праблемамі, а калі патрапіў на больш-менш працверазелага правіцеля, пачуў безапеляцыйнае:

— Ды пайшло ўсё нá хер! Стаміўся я — і сыходжу. Дзяржаўнае ўтрыманне мне да смерці гарантавана Канстытуцыяй, а вы ўсе, калі я не падабаюся, шукайце лепшага! Пагляджу, што атрымаецца…

І пакуль што — не атрымлівалася анічога. За правіцелем, адчуўшы штось падазронае, падаліся — у ягонай свіце — два найбольш вушлыя нафтагазавікі, а затым — і ўвесь урад. Натуральна, не пакінулі свае дзялянкі спецыялісты ў штацкім, якія былымі, як вядома, існаваць не могуць.

Улада перайшла да Думы, але ж заканадаўцы — не выканаўцы! Закульгала ўся дзяржаўная сістэма. Пачаліся перабоі ў здабычы і пастаўках нафты і газа — і, як вынік, аграмадны недабор падаткаў у бюджэт. Акцыі ўпалі. На рынках — абвал. Скокнула інфляцыя. Зноў — затрымкі ў выплатах заробкаў і пенсій, неразбярыха і пустыя паліцы.

Ну трыбунілі эканамісты з Народнай лігі, што ва ўсім вінаваты рэжым, які дабіў краіну, штось блёўталі пра банкруцтва Цэнтрабанка, пра папярэднія непамерныя крэдыты ды адсутнасць золатавалютных запасаў. Але ад тых прызнанняў у людскіх ратах саладзей не рабілася! Яны ўсё часцей і часцей пачалі згадваць Мароза, і пад Новы год… ён вярнуўся!