Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 77

Алесь Пашкевіч

Іван адпрэчыў ад сябе ўсё старое акружэнне ўключна з радавітымі баярамі, а наблізіў бязроднага мужыка, за якім назіраў яшчэ ў час ад’езду з Масквы — Ваську Гразнага.

— Баяры прывыклі здраджваць свайму гаспадару, — сказаў яму цар, калі паклікаў да стала. — І не толькі баяры… Вось быў пры двары маім круглагаловы сабака Адашаў… Не вядома, якім чынам узняўся да служакі… Мы ж узялі яго з гноя і зраўнялі з вяльможамі… — цар уздыхнуў і завяршыў: — Глядзі ж! На вас, мужыкоў простых праваслаўных, у мяне апошняя надзея засталася — на вернасць вашую і адданасць.

— Ты, цар, як Бог для нас, бо з малога чалавека вялікага можаш стварыць! — узрушана выгукнуў Васька Гразны і кінуўся цалаваць цару ногі.

Склаў свой белы клабук мітрапаліт Афанасій, спусціў дух у руках набліжанага Іванам служніка Малюты Скуратава непакорны мітрапаліт Філіп — а гнеў царскі аніяк не супакойваўся. Яго наноў запальвалі словы даносчыкаў — і тады нішчыліся ўжо цэлыя гарады. Выгналі з Ноўгарада злодзея і бадзягу Валынца, а ён, перахоплены раз’ездам апрычнікаў, распавёў аб страшнай змове сваіх крыўдзіцеляў — ноўгарадскіх жыхароў — з Жыгімонтам. Нібыта, бажыўся, і дамову тую з подпісам ноўгарадскага мітрапаліта Пімена бачыў, і ведае, што яе за абразом Божай Маці ў храме Сафіі хаваюць.

Так было ці не, але Іван сам узначаліў апрычнае войска — і дарогу ад Кліна да Ноўгарада ператварыў у пустэльню. Перадавыя сотні ўварваліся ў Ноўгарад і да прыезду цара выстраілі ўсіх святароў і дыяканаў на правеж.

У горад у суправаджэнні паўтысячы стральцоў прыехаў цар з сынам. Ён пажадаў смерці здраднікам і загадаў мітрапаліту Пімену служыць абедню ў Святой Сафіі. Затым весела паабедаў ва ўладыкі — і мітрапаліта з чэляддзю, сарваўшы адзежы, кінулі ў склеп. На другі дзень хваля катаванняў накрыла і гараджанаў. Іх сотнямі правяралі агнём і жалезам на рынкавай плошчы, а затым гналі да Волхавай быстрыні, якая зімой не замярзала, — і тапілі. Дзяцей прывязвалі да мацярок, мужчынам, каб не супрацівіліся, скручвалі за спіны рукі. Да вечара па рэчцы ў лодках соўгаліся — як страшныя хароны — апрычнікі і дзідамі дабівалі жывых…

Рабаваліся манастыры, і асатанелыя царскія вершнікі ў чорных манашскіх рызах аддана прысягалі свайму дабрадаўцу:

— Мы збудуем у тваёй, цар, Слабадзе манастыр праведны! Ты — наш ігумен! Скуратаў — панамар пры табе!

Прывязаўшы да падсядзёлкаў сабачыя галовы ды мётлы, яны яшчэ з дзень пагойсалі па апусцелых абшарах ды разам з царом скіраваліся да Пскова. На заснежанай дарозе сустрэлі босага юродзівага, закутанага ў смярдзючае рыззё.

— Хочаш? — ён дастаў з-за пазухі кавалак мяса і працягнуў Івану.

— Пост! — крыкнуў яму цар.

— Пост?! — вытарачыў вочы юродзівы. — А мяса чалавечае табе хто дазволіў жэрці?

Увішны Скуратаў ужо ўзняў над нябогам шаблю, але цар крутнуў галавой:

— Хай ідзе Божы чалавек сваёй дарогай.