Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 76

Алесь Пашкевіч

Перадаць цару гэтую навіну прыехаў сам Віскаваты, а з ім — і шведскі пасол. У лютым 1567 года ў Аляксандраўскай слабадзе была падпісаная саюзная дамова паміж Стакгольмам і Масквой.

— Вы будзеце мець ад мяне і дапамогу ў прымірэнні з Даніяй, а калі спатрэбіцца, і вайсковую падтрымку, — абяцаў павесялелы цар. — Толькі вышліце мне герцагіню Кацярыну. І помніце, — перасцярог ён пасла, — калі з ёй у вас ці па дарозе што-небудзь здарыцца — я парву дамову…

…Але ганарыстая Ягелонка ўсхацела раздзяліць лёс свайго вязня-мужа!

— Я не буду больш анічыёй жонкай, нават калі вы зробіце мяне ўдавой! — цвёрда адказвала яна.

Юхан за «здраду інтарэсам манархіі» быў асуджаны на смерць і з лета 1563 года разам з жонкай знаходзіўся за кратамі. Аднак шведскі кароль Эрык аніяк не насмельваўся даць апошні загад: забіць свайго брата. Герцагіню ж Кацярыну аніяк не скаралі ні пякельныя пагрозы, ні мядовыя абяцанкі. А тут яшчэ імператар Максіміліян у сваім маніфесце асудзіў шведаў як парушальнікаў міру і саюзнікаў варварскай маскоўскай дзяржавы. І апошнія папярэджанні выказаў Жыгімонт, збіраючыся абвесціць вайну за сваю пакрыўджаную родзічку ды яе дзяцей: у вязніцы Кацярына нарадзіла двух дачок і сына, якога назвалі ў гонар караля-дзядзькі Жыгімонтам1…

Іван быў сп’янелы пакараннямі і крывёй, але думкі аб Кацярыне цверазілі яго. Ён пераступаў праз трупы і ахвяры — а ейны вобраз уяўляўся светлым анёлам-выратоўнікам. І ў імя яго ён не пашкадаваў бы і свайго жыцця!

— Гэты каранаваны купечы сын можа спудлаваць, — сказаў пра Эрыка Іван. — Націсніце на яго, і без Кацярыны не вяртайцеся! — і выправіў у Упсалу новых пасланцоў. І яны ўжо нават рыхтаваліся выкрасці-выкупіць чароўную паланянку, як здарылася непрадбачнае: «каранаваны купечы сын» паўстаў перад імі ў памутнёным розуме! Больш за тое: ён загадаў вызваліць Юхана!

Некалькі дзён мяняліся каля каралеўскага ложка лекары, і ўсе яны канстатавалі: кароль звар’яцеў.

Двор ахапіла здранцвенне, а Эрык соўгаўся па калідорах палаца ды — усведамляючы сябе вязнем — маліў брата аб дараванні.

У верасні 1568 года новым шведскім каралём быў абвешчаны Юхан, а яго верная жонка Кацярына Ягелонка надзела на сябе карону паўночнай імперыі…

І сотнямі паляцелі на Маскоўшчыне халопскія, баярскія і князевыя галовы. Цар вярнуўся з Аляксандраўскай слабады — і распачаў на Чырвонай плошчы прылюдныя катаванні. Палілі і грызлі чалавечую плоць жароўні ды клешчы, чакалі ахвяраў катлы з кіпенем ды вісельні. Народ маскоўскі за некалькі дзён насыціўся страшнымі відовішчамі ды хаваўся па сваіх закутках, і царскія гласары мусілі склікаць іх: «Не бойся, люд праваслаўны! Справядлівы цар толькі здраднікаў сваіх карае!».

І памалу зноў сцягваліся на пляц гледачы, і цар загадваў пачаць пакаранне новых змоўнікаў: пасланца-дзяка Віскаватага, казначэя Фунікава і колішняга любімца Басманава. Першага павесілі за ногі і, як кабана, пасеклі доўгімі нажамі. Другога аблівалі то кіпнем, то ледзяной вадой, пакуль мяса само не пачало адставаць ад костак. Басманава ж цар загадаў уласнаручна забіць свайму сыну — царэвічу Фёдару, спадчынніку маскоўскага стальца.