Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 75

Алесь Пашкевіч

— Гэта візантыйскае Евангелле? — здзівіўся Іаан. Здалося, нават успыхнулі вочы пад доўгімі веямі-матылямі, а сінякі на твары праясніліся. — Як раздабыў?!

— Цар, як ведаеш, з’ехаў. Збіраліся спехам. А ягоным халопам грошы не лішнімі прыйшліся…

— Ну малайчына! — Іаану не хапала слоў. — Толькі… А чаму б табе самому з намі не падацца?

— А знойдзецца месца?

— Як табе не сорамна гаварыць такое?!

— Ну то дзякуй, ну й добра, — усміхнуўся супакоены Сілуан, і яго куртаты нос нібыта расцягнуўся. — А то я, ведаеш, усё роўна тут не маю больш дзе жыць. — Падміргнуў і патлумачыў: — Шмат копаў грошай запрасілі за кнігу, дык давялося свой дом прадаць…

У безуладнай Маскве памнажаліся крадзяжы і падпалы, і багацейшыя з баяраў упрасілі мітрапаліта паехаць у Аляксандраўскую слабаду — каб умаліў цара змяніць гнеў на літасць ды вярнуў яго на сваю дзяржаву. А калі спатрэбіцца, — наказвалі, — хай судзіць тых, на каго апаліўся.

Гэта была новая перамога Івана — не над ворагам-чужынцам, а — над сваім народам. Самаўладна ён увёў апрычніну, падзяліўшы краіну на дзве часткі. Там, дзе захоўваўся стары парадак, дзе кіравалі ваяводы, намеснікі, суддзі, кормленшчыкі з вотчыннікамі, над усім Іван паставіў сваіх баяраў. Другой часткай ён надзяліў сябе. У былых гаспадароў-спадчыннікаў адбіраліся землі і людзі, а іх — калі заставаліся вернымі цару — перасялялі на іншыя вотчыны.

Мяняліся лёсы народа і краіны.

Мяняліся і лёсы слоў. Апрычніна паходзіла ад старамаскоўскага «опричь» (акрамя). У мінулыя часы так называлася маёмасць, якая адыходзіла пасля смерці мужоў удовам. На пірах так звалі прысмакі, якімі гаспадар меркаваў пачаставаць выбраных гасцей. Апрычнікамі менаваліся і сяляне, якія пасяліліся на манастырскіх землях.

Пры Іване Жахлівым гэтае і аднакарэнныя словы напоўніліся зусім іншым сэнсам…

Першыя дні пасля вяртання ў сталіцу Іван выглядаў спакойным. Ці не новыя сны былі таму прычынай — спакусныя сны пра таямнічую каралеўну Кацярыну? Цудам мяняючы абліччы, яна ўсміхалася і нібыта ўзлятала над абшарам. А ён зноў і зноў спрабаваў схапіць за далікатна-бялявую руку… і ўжо адчуваў даланёй ейны пярсцёнак і дрыготкія пальцы, як Кацярына раптам ператваралася ў белую лябёдку…

Назаўтра Іван забараніў падаваць на сталы смажаных лебядзей і загадаў Віскаватаму асабіста адправіцца да шведскага караля Эрыка XIV з пытаннем аб непадступнай каралеўне.

Яна, Кацярына Ягелонка, пасля вянчання з братам Эрыка Юханам была ўжо герцагіняй фінскай, але анішто — ні сваё жанімства, ні святасць чужых абвенчаных сямейных вузаў, урэшце, ні жаданне самой жанчыны — не маглі астудзіць распалены новымі снамі і мроямі пажадны царскі юр. І ён не шкадаваў Эрыку ні шчодрых падарункаў, ні багатага абяцання: абмяняць Лівонію на Кацярыну…

Некалі кароль Эрык і сам супрацівіўся сувязі свайго брата Юхана з Жыгімонтавай сястрой, бачачы ў тым небяспеку ў выглядзе самастойнай Фінляндыі. Але як цяпер шведскаму манарху выдаць сваю швагерку-нявестку?!

— Асцерагайеся! Юхан з Польшчай плятуць змову! — нашэптваў шведскім дворным Іванаў пасланец Віскаваты. Тыя пераказвалі ўсё ля стальца, і нервы караля Эрыка не вытрымалі: з невялікім войскам ён паланіў Юхана і накіраваў яго ў замак Грыпсгольм.