Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 71

Алесь Пашкевіч

Праз два дні ён першым патэлефанаваў дзяўчыне на сотавік:

— Кацярына Аляксандраўна, вітаю вас! Гэта Віктар Віктаравіч… Што здарылася? Чаму не прыехалі? У вас усё добра?

— Дзякуй, добра…

— І…

— Ну як прасцей сказаць? Не зацікавіла мяне вашая прапанова.

Жакей адставіў слухаўку і пракаўтнуў даўкі камяк, трывожна ўздыхнуў і загаварыў як мага мякчэй:

— Я вас разумею. Падобнае прапаноўваюць не кожны год і не кожнаму… Але падумайце добра! Вось-вось закончыце ўніверсітэт, і што — ехаць на раён па размеркаванні? А тут адразу — сталічная прапіска, жыллё, някепскі заробак. Урэшце — папулярнасць, уплыў, слава… — У голас з кожным вымаўленым словам неашчадна дадавалася мядовага алею. — Паўтараю, праца каля першай асобы краіны. Тысячы тысячаў на вашым месцы не задумваліся б…

— Віктар Віктаравіч, задумалася не толькі я, але і мой жаніх. У чэрвені ў мяне вяселле…

Жакея як ашпарылі. Ён сядзеў у прахалодным кабінеце і адчуваў, як па спіне пабеглі пасмачкі пота.

— Алё, вы мяне чуеце?

— Так-так, — з сілай выціснуў памочнік.

— Скажыце, а пад першай асобай вы… маеце на ўвазе кіраўніка дзяржавы? — было заўважна, што Кацярына таксама расхваляваная.

— Вы правільна зразумелі.

А яшчэ праз некалькі доўгіх секундаў маўчання ў слухаўцы пачуўся дрыготкі дзявочы голас:

— Дык вось… Прабачце, канечне, але гэты чалавек мне вельмі… несімпатычны. І мне цяжка з ім нават у адной краіне знаходзіцца, не тое, каб побач… Бывайце!

…Да вечара ў яго было поўнае дасье на Кацярыну Бялоўскую. Спецслужбы пастараліся, і Жакей не без цікавасці даведваўся, што яе выхоўвала адна маці — школьная настаўніца мовы і літаратуры. Маленства, характарыстыкі, універсітэт… Атэстаты, адзнакі, кола зацікаўленасці… Паэзія, класічная музыка… Затым вочы памочніка пашыраліся, тонкія вусны зліплі, а твар бялеў і ператвараўся ў каменны: паўмесяца таму падала ў загс заяву з… Юхансанам, першым сакратаром амбасады Фінляндыі, вядомым сваімі сімпатыямі да апазіцыйных структур… Па аператыўных звестках, праз ягоныя рукі вядзецца фінансаванне многіх антыдзяржаўных праектаў. Зразумела, усё прыхавана клопатам аб правах чалавека і свабодным грамадстве…

Жакей глытнуў даўно астылай кавы і набраў нумар Бадакіна:

— На месцы?

— Так, а што? — пазяхнуў той.

— Будзь гатоў падскочыць да гаспадара. Тут пападáлава на нашыя галовы…

Церпяліва, як скрозь дрымоту, правіцель выслухаў даклад памочніка і гнеўна гохнуў кулаком па стале — так што нават цяжкая начная лямпа дрыганула і патухла.

— Я іх навучу! Я ім пакажу і загсы, і правы, і свабоды! — скрыгатнуў моцнымі зубамі і загадаў: — Раніцай са старшынёй дзяржбяспекі — да мяне! З планам аператыўных мерапрыемстваў! Па поўнай праграме!!!

Памочнік зразумела кіўнуў і, прадчуваючы нядобрае, марудна падаўся з кабінета. Правіцель нярвова пашчоўкаў уключальнікам, а затым хапіў лямпу і, выдраўшы з разеткі, шпурнуў у аталапелага Жакея: — Дагуляліся ў ліберальнасць! Цяпер ногі аб нас выціраюць!..

Да наступнага вечара былі затрыманыя ўсе актывісты апазіцыйнай Народнай лігі, у яе цэнтральным і рэгіянальных офісах прайшлі ператрусы. На дзясяткі партыйцаў, уключна са старшынём Ролікавым, узбудзілі крымінальныя справы. Сталічны ізалятар запоўнілі «палітычнымі». Загадам урада былі пазбаўленыя ліцэнзій усе прыватныя друкарні, канфіскаваныя наклады незалежных газет — іх і так было толькі дзве. Юхансана ж абвінавацілі ў шпіёнскай дзейнасці і спробе наладзіць антыканстытуцыйны пераварот у краіне. Дыпламату ўручылі адпаведную ноту і абавязалі яго цягам 24 гадзінаў пакінуць краіну.