Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 70

Алесь Пашкевіч

— А пакуль нашая кроў на галгофу пацячэ, паглядзім, якога колеру яна ў нашых супастатаў! Усе на паляванне!!!

Вячэрняя сходня ўскочыла і прыспешыла за царом — праз тронную залу, каланадны калідор да ўваходу ў лёхі, у сутарэннях якіх ужо год гнілі дзясяткі літоўскіх вязняў.

— Рэж адступнікаў! — закрычаў цар і ўвагнаў дзіду ў нечае амаль нерухомае цела. Зіркнуў на памагатых, скрывіўся: — Чуеце, які ванючы злыдух з іх выходзіць?!

Пакуль баяры дабівалі палонных, цар праз іржавыя крáты глядзеў у напоўненыя лютым жахам вочы чарговай ахвяры. Пакруціў дзіду, пагладзіў і гэхнуў у вязня. Але нечакана той — колішні полацкі разбяр — хітнуўся ўбок і перахапіў дзіду. Нябога настолькі схуднеў, што некалі цесныя вяроўчыны лёгка спаўзлі з ягоных рук — касцей, абцягнутых скурай. Апошняй сілы яшчэ хапіла, каб накіраваць вастрыё ў цара, але неадступны Мацей выскачыў наперад — і дзіда прабіла яму даланю і ўвайшла ў сэрца.

Разбяра пасеклі на кавалкі і крыху супакоіліся.

— А цяпер — наверх! Вып’ем за будучыя перамогі ды аплачам друга нашага! — дрыготка мовіў цар і, пацалаваўшы яшчэ цёплы лоб Мацея, паценяваў да сходаў.

6

Спелым вясновым ранкам яна — як і звычайна — са студэнцкага інтэрната накіравалася да метро. З не па правілах прыпаркаванага каля падземнага перахода чорнага «Ландкрузэра» насустрач ёй выйшаў усмешлівы Жакей:

— Кацярына Аляксандраўна?

— Я… — здзівілася дзяўчына.

— Добрай раніцы. Маю гонар і радасць паведаміць, што Вы абраныя тварам нашай сталіцы і запрошаныя на працу… у Цэнтр прыгажосці пры міністэрстве культуры, — Жакей зноў далікатна ўсміхнуўся і, мякка ўзяўшы Кацярыну пад лакаток, паспрабаваў адвесці да машыны, але ў дзяўчыне ўспыхнула змаганне здзіўлення і збянтэжанасці.

— Пачакайце… — Яна адвяла незнаёмую руку. — Але ж я нікуды не падавала заяў…

Твар Жакея стаў сур’ёзным і адказным:

— На тое яна і дзяржава, каб клапаціцца аб самым дарагім, што ў ёй ёсць…

Але тыя пафасныя словы яшчэ больш устрывожылі Кацярыну.

— І што я мушу рабіць у тым Цэнтры прыгажосці? — з непрыхаваным недаверам, часцей заміргаўшы доўгімі веямі, спытала яна.

— Ну… Чыста прадстаўнічыя функцыі… Мадэльнае агенцтва, тэлебачанне, цырыманіяльныя ўрачыстасці. Скажам, першым асобам краіны падаць каву. Сустрэць каго з хлебам-соллю… — Жакей напусціў на твар гуллівасць. — Ды што мы аб усім на вуліцы гаворым? Запрашаю ў Цэнтр! — Ён кіўнуў на машыну. — Пад’едзем, і самі пабачыце…

Кацярына ўважліва зірнула ў шчырыя вочы Жакея і гарэзна адказала:

— Ведаеце, Цэнтр Прыгажосцевіч… Прабачце, бо так і не прадставіліся… Не хачу паказацца банальнай, але з незнаёмымі мужчынамі на чужых машынах я не езджу.

— Прабачце, загаварыўся на радасцях… Я Віктар Віктаравіч. Вось мая візітоўка. Там тэлефон і адрас. Чакаем вас у любы зручны час… Толькі неадкладна сёння ці заўтра. Дамовіліся?

Кацярына паціснула плячыма.

— Не забудзьце, калі ласка! Ча-ка-ем. — Жакей даліканта схіліў галаву і, яшчэ раз усміхнуўшыся, пашыбаваў да машыны. Прасачыўшы, як Кацярына схавалася ў падземным пераходзе, моцна прыкусіў тонкую губу і завёў рухавік…