Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 73

Алесь Пашкевіч

— І што ўзамен?

— Наколькі я абазнаны, анічога. Апроч, зразумела, сяброўства з табой, вялікі гасудар.

Іван хмыкнуў, зноў падцягнуў да сябе збан з віном — і раптам як праяснеў.

— Ты гэта… Неадкладна адкажы, што маскоўскі цар жадае прыняць шведскае пасольства, але перад тым нагадвае каралю Эрыку… — у малых зрэнках бліснулі гарэзныя агеньчыкі, і голас цара памякчэў, — нагадвае аб неабходнасці выдачы непакорнай польскай каралеўны Кацярыны.

— Будзе зроблена, — Віскаваты ўстаў і, схіліўшы галаву, задам паклыпаў да выхаду, але цар перапыніў:

— І глядзі зноў справу з Кацярынай якому Сукіну не даручы! А то другім разам я вас абодвух у адну труну пакладу…

Віскаваты застыў з адкрытым ротам, а Іван схіліўся над сталом, падпёр лоб рукой і дакончыў:

— Там у Дэрпце Ванька Курбскі ад гнева майго кісне. Перадай яму, што высахла крыўда мая — і даручы яму Кацярынай займацца.

Віскаваты ледзь не самлеў, у вачах праплылі чырвоныя кругі… Вось яна — навіна другая, якую меўся ён паведаміць, але так і не насмеліўся!

— Гасудар… — выціснуў ён і адчуў, як на спіне выступіў халодны пот. — Далажылі мне сённячы, што Курбскі знік…

— Што?!!

— Няма яго ў замку… І яшчэ дванаццаць баяраў з ім…

Івана як ашпарылі кіпнем. Неўразумела міргаючы, ён загаварыў нібы сам сабе:

— Можа, на паляванне падаўся? Як гэта няма?..

— Кажуць, што пераапранутым праз сцяну цытадэлі пералез. Золата і грошы забраў… — Віскаваты з цяжкасцю выціскаў словы. — Жонка з сынам засталіся…

Іван памарачна ўстаў з-за стала. Прадаўгаватая галава калацілася, і яго тлусныя кудзяры раптам здаліся Віскаватаму змейкамі…

— Трэба было яго разам са шчанюком Адашавым на кол пасадзіць! Яшчэ калі сыну майму крыж цалаваць адмовіліся… — Іван хіснуўся, схапіў збан з віном і шпурнуў у Віскаватага. Патрапіў у жывот; чырвоная вадкасць плюхнула на твар і бараду, узарвалася на каменнай падлозе гліняным друзам і сцякала па чорным каптане. — Вон, юды!!! І я з Масквы з’язджаю! Задушыцеся маёй каронай! — сарваў з сябе шапку і зноў кінуў у анямелага Віскаватага…

Напрыканцы 1564 года Масква нечакана засталася без гаспадара. Іван IV, склаўшы свой скарб і царскую казну, адабраў з сотню баяраў ды з тысячу стральцоў і падаўся ў Каломенскае, дзе лютая завея і п’яныя оргіі затрымалі яго на два тыдні. Затым былі прыпынкі ў падмаскоўных Тайнінскім і Троіцы, і ўрэшце абоз дабраўся да невялікага Аляксандраўска — з паўночнага боку Уладзіміра. Там, загадаўшы разбудоўваць Аляксандраўскую слабаду, цар вырашыў зімаваць і паслаў у Маскву да новага мітрапаліта Афанасія ганца з лістом. Віскаваты ледзь паспяваў запісваць халоднай рукой:

— …Ацяжэла душа мая ад мноства зладзействаў, здзейсненых ваяводамі ды людам служывым. Апаліўся я на ўсім і ўсіх у дзяржаве сваёй — ад першага да апошняга чалавека. І абвяшчаючы апалу сваю, паведамляю табе, уладыка, што вырашыў я скласці карону ды пакінуць дзяржаву сваю, і пасяліцца там, дзе Бог пакажа…

Назаўтра ў Маскву павезлі і другое пасланне: да купцоў і ўсяго праваслаўнага люду — аб тым, што цар на іх не гневаецца і аніякай крыўды не мае.