Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 72

Алесь Пашкевіч

Тэрмінова адклікалі з замежнага адпачынку Івана Федарэнкіна, і асабіста старшыня Службы дзяржбяспекі Бадакін пачаў інструктаваць яго аб неабходнасці стварэння серыі тэлефільмаў аб варожай дзейнасці заходніх разведак і спрыянні ім мясцовых калабарантаў-апазіцыянераў.

— Павінен пастарацца напоўніцу! У тваім распараджэнні ўся компра, запісы і сродкі. Ясна?

Твар Федарэнкіна скрывіўся. Тэлевізійнік нахмурыўся і задуменна пацёр даланёй кант стала, заваленага папкамі, дыскамі і відэястужкамі.

— Што?.. — насцярожыўся Бадакін.

— Усё зразумела, — голас Федарэнкіна траціў былую звонкасць і ўпэўненасць. — Толькі гэтага недастаткова…

— Што?!

— Неабходная паездка на захад, каб на месцы адзняць матэрыял. Ды і адпаведныя сюжэты з нашымі тамтэйшымі прыхільнікамі запісаць…

— А… — паспакайнеў Бадакін. — То што валэндаеш? Наперад! Часу, сам разумееш, з камарыны язык!

Ці ёсць той орган у камара, ці няма — ён не ведаў, але калі б знаў у тую хвіліну, што набліжаны і абласканы гаспадаром тэлежурналіст спешна паляціць за мяжу і там папросіць палітычнага прытулку, плюнуўшы на ўсіх іх… калі б знаў, лепш бы перад той сустрэчай свой язык праглынуў!

VII

У дзяка Віскаватага былі для цара дзве навіны. Адна кепская, а другая — таксама невядома чым пагражала выліцца. І тое трэба было ўвесці ў гаспадаравыя вушы. Аднак як — калі цар ужо тыдзень нікога не падпускаў да сябе, а праз свайго новага пасцельнага дзясяткамі раздаваў загады аб высылках ці галаваннях?

— Кідаюць юды цела маё на закланне… Здрада скрозь сцены точыцца, — нястомна паўтараў цар і наказваў схапіць новага ваяводу. — Не пайшоў я ў паход на Літву, дык яны мяне Жыгімонту за трыццаць срэбранікаў заклалі…

Прычакаўшы цара ў трапезнай, Віскаваты, змагаючыся з адышкай, прагаварыў доўгую тыраду ў гонар гаспадара, а калі той паказаў на стол, з цяжкасцю ўзняў з каленяў сваё таўсмата-нездаровае цела і расказаў аб прыбыцці ў лівонскі Дэрпт паслоў ад шведскага караля Эрыка.

Цар адкінуў смажанае гусінае крыло і, перастаўшы жаваць, уважліва ўталопіўся ў глыбокія — як у старога дзіка — вочы кіраўніка свайго пасольскага загаду.

— Так, гасудар, прыехалі шукаць з маскоўскім царом згоды і міру, — прыспешыў Віскаваты. — Стала вядома, што Данія і Польшча прыклалі пячаткі свае да мірнай дамовы, вось шведы і ўспалашыліся…

— І што хоча Эрык? — цар прагавіта запіў мяса віном і сціснуў худыя пашчэнкі.

Віскаваты адхінуўся да спінкі, і стулец жалліва праскрыпеў пад ягоным цяжарам.

— Ён пагаджаецца з ранейшымі ўмовамі маскоўскага ўладара, адмаўляецца ад Лівоніі, за выключэннем Рэвеля.