Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 69

Алесь Пашкевіч

Аднак сілы былі несувымерныя, і Мікалай Радзівіл, маючы ад выведкі дакладныя звескі аб колькасці і перасоўванні захопнікаў, вырашыў не даць зліцца іхнім дзвюм рэкам. З невялікім загонам у некалькі сотняў лепшых вершнікаў ён атакаваў авангард Шуйскага і пасля напружанай сечы адступіў. Апантаныя поспехам і жадаючы паланіць літоўскага гетмана, якога паспелі празваць Рудым, маскоўцы кінуліся ў пагоню, агаліўшы тым асноўную калону. На рацэ Вула каля Чашнікаў на яе і абрынулася лавіна Радзівілавага войска.

Напачатку на стральцоў, якія не паспелі вышыхціцца ў баявыя парадкі, наляцелі крылатыя гусары. Як нябесныя карныя анёлы яны зрываліся з супрацьлеглага берага і разразалі доўгую калону. Затым з засады загохкалі гарматы і ў бой уступілі пішчальшчыкі ды іншыя пехацінцы. Маскоўцы страцілі вайскаводца і адступалі ў вялікай паніцы, і выратаваліся толькі тыя, хто здаўся ў палон.

Але з-пад Смаленска выйшла яшчэ большае войска, і Мікалай Радзівіл не поўніўся пераможнай радасцю.

— Не гожа ліць кроў хрысціянскую! — сказаў ён сваім гетманам і тысячнікам. І тыя выштукавалі новую хітрасць: паслалі праз смаленскі шлях сваіх ганцоў — нібыта ў Вільню і Менск — з лістамі аб імгненнай перамозе над Шуйскім і рашэнні войска Радзівіла-Рудога неадкладна ісці на палкі князя Сярэбранага. Ганцоў паланялі маскоўцы і адбіралі ў іх гетманавыя эпісталы. «Асноўныя палкі Жыгімонтавыя хай таксама сустракаюць непрыяцеля пад Воршай, бо з войскам полацкага намесніка Шуйскага назаўсёдна пакончана», — загадвалася ў лістах, хоць пад ачолам Радзівіла больш не было ні асноўных палкоў, ні нават запасных. Аднак эпісталы зрабілі больш, чым гарматы і мячы: яны астудзілі баявы імпэт ворага. Князь Сярэбраны ўжо не меў з кім з’ядноўвацца пад Воршай і, каб захаваць свае сілы ды не агаляць заходнія межы, надумаў да новай выправы вяртацца назад. А тут — начная атака, гарматы, коннікі з агнявымі пікамі ды крыламі-вятрыгамі за спіной… Наспех мацуючы абарону, палкі маскоўцаў, кінуўшы ў паніцы абозы, адступілі ў Смаленск.

Вільня вітала пераможцаў ды іхняга вайскаводцу Мікалая Радзівіла, які праз тры дні ўехаў у Вострую Браму на белым кані князя Шуйскага, зняў аброць — і кінуў пад ногі гараджанаў.

Масква ж сустрэла горкую вестку аб паразе сваіх палкоў. Цар у той вячэрні час баляваў з набліжанымі баярамі ў трапезнай. Ганца выслухаў спакойна, нават і брывом не павёў — толькі твар збялеў. Выпіў «Петэрсімоны», абышоў укруга стол і наліў з вялікага гляка кожнаму, паламаў хлеб і расклаў на срэбную місу, доўга глядзеў на яе, а потым, дзіўнавата ўсміхнуўшыся, аднатонна загаварыў:

— Аддаюць юды цела маё на закланне. Здрада скрозь сцены точыцца. А таму, друзі мае нямногія пакліканыя, піце кроў маю, ешце цела маё, — ён паказаў рукой на віно і хлеб. — І хай збудзецца, што наканавана…

Прысутныя маўчалі, а ў грудзях Івана пачынала разгарацца ярасць. Ён памкнуўся прытушыць яе, захадзіў, хітаючы галавой, уздоўж сцяны, але вока выхапіла бляск дзіды ў руках аднаго з вартавых-стражнікаў — і цар з хвілю заварожана гладзіў прахалоднае вастрыё, а потым вырваў дзіду, узняў над сталом і прашаптаў: