Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 68

Алесь Пашкевіч

Цар устрапянуўся, хітнуў галавой, маўляў — добра, усхапіўся і рэзка падаўся да дзвярэй, там затрымаўся і зноў спытаў:

— А чаму ў цябе, дыякан, крыж на грудзях драўляны, а не жалезны ці срэбны, як у іншых царкоўнікаў?

— Дык крыж Хрыстоў аднолькавую моцу мае — ці залаты, ці драўляны. Урэшце, Госпада нашага на драўляным і распялі… — Іаан штось хацеў яшчэ дагаварыць, але цар перапыніў яго:

— Прыпомніў я падобны, драўляны… У Полацк яго па просьбе мітрапаліта Макарыя вярнуў. Дарэчы, іду цяпер прымаць полацкіх пасланцоў. Паглядзім, што там надумалі…

Як знячэўку цар са світай завіталі ў друкарскі пакой, так мільгам і зніклі. А друкары працягнулі сваю працу — ажно да глыбокага вечара, у святле слепаватых свечак ды светачаў Божага слова.

…У той жа позні вечар з маскоўскага Крамля выгналі пасольства Вялікага Княства. На перамовах баяры агучылі царскую ўмову: Рыга, Вільня і Кіеў павінны прызнаць ягоную волю. Ліцвіны ж запатрабавалі даць спакой не толькі Лівоніі-Інфляндыі, але і — вярнуць Смаленск, Бранск і Пскоў, якія ў часы вялікага Вітаўта былі залежнымі ад Княства.

— Гнаць шчанюкоў Жыгімонтаўскіх сабакамі маёй псарні дзесяць міляў ад Масквы! — Іван не мог стрымаць сваёй лютасці. Ён да хрусту сціскаў у кулакі доўгія пальцы і адзічэла крычаў: — Гнаць! Гнаць!!

Служкі доўга баяліся набліжацца да цара, а калі адпаілі-супакоілі яго хмельным узварам, пачулі ціхі шэпт:

— Загадваю быць паходу…

Ён пачаўся ў студзені новага 1564 года ад Раства Хрыстовага. У мінулую восень адышоў у вечнасць мітрапаліт Макарый, і штось трывожна-няпэўнае затаілася ў царскім сэрцы. Усімі фібрамі цялеснымі ён прадчуваў новую бяду — больш балючую і за смерць свайго апекуна ды заступніка Макарыя, і за нядаўнюю паразу Курбскага ў Лівоніі. Дваровыя чарнакніжнікі і варажэі раілі да наступнай восені не пачынаць аніводнай значнай справы, але цара не адгаварылі. Ён быў люта абражаны Літвой і, адчуваючы сваю ўшматкроць большую вайсковую сілу, загарэўся помстай.

Аднак у сэрцы знібела штось няпэўна-трывожнае, і цар вырашыў застацца ў сталіцы, а ваенную кампанію даручыў узначаліць полацкаму намесніку Шуйскаму і вопытнаму князю Пятру Сярэбранаму. Першы мусіў выступіць з заваяванага Полацка з палкамі ў дваццаць тысячаў, другі — са Смаленска, дзе збяруцца каля пяцідзесяці тысячаў ратнікаў. Войска павінна злучыцца пад Воршай і далей ісці на Менск, Наваградак і Вільню.

Абраза за мінулую паразу паліла сэрца і гетману Мікалаю Радзівілу. Ягоныя воі, загартаваныя не ў адной крывавай баталіі, ішлі за ім ці па смерць, ці па перамогу. У многіх з іх маскоўцы забралі-забілі ці родзічаў, ці знаёмцаў, ці, як мінімум, аднаверцаў.