Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 67

Алесь Пашкевіч

Падышлі да саней, абняліся-расцалаваліся. Сілуан уважліва паглядзеў на Грыня і дадаў:

— Дык як мне да той кнігі наблізіцца? Можа, у цябе як атрымаецца? — І ўжо мацней: — А формы я табе вылью. Будуць роўныя, не пераймайся…

І мінуў падрыхтоўчы час, і надышла пара маскоўскага друку слова Божага. Як і было замоўлена, рыхтавалі «Дзеі святых Апосталаў». Зранку адслужыўшы малебен, працавалі без перастанку да апоўдня, адціснуўшы і расклаўшы сушыцца на паліцы дванаццаць першых старонак. А потым на «дзейства» прыехаў паглядзець цар, якому Іван Віскаваты пасля полацкага паходу дакладваў пра справы друкарні ледзь не штодня.

Дзверы сполашна расчыніліся, у і без таго запоўнены працаўнікамі друкарскі пакой забегла некалькі служнікаў і ўзброеных шаблямі ды сякерамі стральцоў; марудзячы, увайшоў царскі ахоўнік Мацей, а за ім — і сам Іван. У доўгай акаймаванай мяккім футрам накідцы, якая хавала лёгкія скураныя боцікі і няўклюдную касалапасць, ён, здавалася, праплыў да варштата, узяў з яго некалькі свежаадціснутых старонак, схіліў набок галаву і ласкава агледзеў скамянелых друкароў; пазнаў Іаана і, ужо набліжаючыся да падрыхтаванага стальца, пальцам пазваў да сябе. Узяў яшчэ старонку з палічкі — і працягнуў Мацею:

— Чытай.

— Прашу дараваць, вашая царская вялікасць… — укленчыў агаломшаны ахоўнік. — Не навучаны гэтаму…

— Хм, — прымружыў вочы цар. — Думаеш, адно грошы, мячы ды гарматы царскую моцу множаць? — і, адарваўшыся ад Мацея, павярнуўся да Іаана: — І цяпер, дыякан, верыш у тое, што кніга вялікую сілу мае?

— Так, гасудар! — Іаан упэўнена схіліў перад царом галаву, на хвілю знерухомеў.

— Большую, чым грошы і зброя? — перапытаў цар.

— Ісцінна так, — паўтарыў друкар і, не адрываючы свайго пагляда ад царскіх вачэй, зіхоткіх, пачырванелых, дагаварыў: — І прыйдзе час, калі кніга заўладарыць па ўсім свеце Божым, бо праз слова Ягонае паклікана перамагчы і грошы, і мячы, і гарматы.

Цар задаволена хітнуў галавой і, забраўшы з рукі Мацея кніжную старонку, пакратаў яе пальцамі, агледзеў з абодвух бакоў, нават панюхаў — і працягнуў Іаану:

— Тады ты чытай!

— «Первое убо слово, — пачаў запеўна дыякан-друкар, — сътворихъ о всехъ, Феофиле. О нихъ же нача Іисус творити же и учити, до него же дне заповедавъ апостоломъ духомъ святымъ. Ихже избра, възнесеся предъ ними и постави себе жива постраданїи своемъ въ многихъ истинныхъ знаменїихъ»…

— А хто гэты Феофіл, да якога напачатку зварот ідзе? — перапыніў Іаана цар і, схіліўшы галаву ў пакрытай залачоным каменнем манаршай шапцы, утрапёна ўгледзеўся ў друкара.

— Як сведчаць вучоныя айцы царквы, — друкар перавёў погляд на іканастас і перажагнаўся, — Феофіл быў сінклітыкам і князем. Яго называлі ўладарным сярод правіцеляў. Сам апостал Павел звяртаўся да яго праз евангеліста Луку з Антыяхіі: «Прыйшло на думку і мне… паслядоўна апісаць табе, высокашаноўны Феофіле, каб ты спазнаў цвёрдую аснову таго вучэння, у якім быў настаўлены»… — Іаан заўважыў, што цар слухаў яго нібыта зачараваны шкаляр — і працягнуў: — І кожны богалюбівы чалавек, якому непадуладныя страсці грахоўныя, ёсць высокашаноўны Феофіл, па-нашаму значыць Богалюбец, дастойны слухаць Святое Евангелле.