Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 66

Алесь Пашкевіч

Але напачатку штось не заладзілася. Як не ставілі формы, адбітак атрымліваўся няроўны: зверху глыбокі і нават зачарнелы, а ніз — недаціснуты, «сляпы». Пераварочвалі форму — і ўжо, наадварот, слабачытэльным быў верх старонкі.

Дзень маракаваў перад варштатам Пётра Мсціславец: і мармур на роўнасць выверваў, і глыбіню шрыфтоў, а затым зразумеў і, супакоена абцёршы ад фарбы свае шырокія далоні, вырак:

— Формы няроўныя вылілі. Розніца — на пазногаць, а вынік — самі бачыце.

Найлепшым ліцейшчыкам у ваколіцы быў Сілуан. Да яго і скіраваўся Іаан, балазе былі з ім даўно знаёмыя — праз Максіма Грэка. Праўда, Сілуан выліваў гарматы, але, — разважыў дыякан-друкар, — у гарматнай справе патрэбная яшчэ большая дакладнасць, а таму выліць роўныя формы пад шрыфты для гарматніка будзе простым заняткам…

— Штось, Іаане, надарвалася ўва мне пасля апошняга пахода на Полацак… — з пакутай зірнуў на госця Сілуан, — састарэлы, з разоркамі-маршчынамі на пераноссі, якія яшчэ больш хавалі яго малы нос, з нечаканай лысінай, нейкі ўадначассе высахлы (куды падзелася колішняя магутнасць у плячах?). — Рукі перад працаю апускаюцца, а ў душы, — ён паказаў пальцам на агонь, — вунь як у тым прыпеку… — памаўчаў і працягнуў: — Не буду я больш гарматы цару ліць! Гэта ж з іх сцены полацкага замка разбілі. І столькі крыві аднавернай пралілося — не давядзі Гасподзь каму йшчэ пабачыць. А колькіх жыватоў палонных панішчана… Іх сюды, павязаных, па марозе цугам гналі. Тысячы навечна на дарозе засталіся. Уяўляеш: вязём мы на санях гарматы назад, а мёрзлыя нябожчыкі пад палоззем — шырх, ш-шырх! Дасюль тое ў вушах стаіць…

Абодва перажагналіся, і Сілуан абудзіўся:

— Хацеў у багамолле да Максіма Грэка падацца, у ягоны манастыр, ды даведаўся, што забраў Гасподзь душу ягоную праведную да сябе. Ты ж ведаеш, што некалі мы з ім у гэтую зямлю з малодшай князёўнай Зояй Палеалог прыехалі… Царства ім усім нябеснае.

Яны зноў перажагналіся, і Іаан устаў развітвацца. Паўторна, як і перад уваходам, пакланіўся іконам, падзякаваў гаспадару за клопат і пажадаў здароўя. Сілуан выбраўся праводзіць госця. Наспех накінуў каптан, пакруціў у руках белую мантыю з гарнастаевай апухай — але на плечы не ўздзеў, а грэбліва кінуў каля прыпека. І ўжо за дзвярыма, таямніча нахмурыўшы лоб, прашаптаў Іаану:

— Хрыстацярплівец Максім, адыходзячы, прасіў перадаць мне, каб апеку ўсклаў я на кнігу Евангелля ад Святога Яна. Некалі ў дарозе сюды яна ўратавала самога Грэка. А затым і ў агні не гарэла, і людзей лекавала, і цару падараваная была, і вочы яму адкрыла. У лісце, перададзеным праз надзейнага манаха, старац прасіў тую кнігу на выспу Патмас даставіць, куды святы апостал Ян быў высланы Траянам за абвяшчэнне слова Гасподняга і дзе прадыктаваў сваё Евангелле. «Ацямнілі кнігу цудадзейную грахі царскія, — пісаў манах Максім. — Хай высвеціцца яна наноў на месцы пакутаў і подзвігу складальніка свайго».