Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 65

Алесь Пашкевіч

…Вясновае сонца ўжо надаўжэй выкочвалася над горадам, але снегу было яшчэ поўна. Брудныя раўчукі сцякалі ў лагчыны, дарогі размяклі і ператварыліся пад конскімі капытамі ў густую жыжу.

Іаáн Фéдаравіч хацеў ехаць адзін, але Грынь, яго малады памочнік па друкарні, не адыходзіў ад саней (наклаў саломы, паверх ускінуў дзяругу, а ўзвышэнне пакрыў старым футрам). І адмовіўся аддаць лейцы, скочыў на запрэжанага каня і сказаў як пра даўно вырашанае:

— Не гожа, васпане, вам як простаму смерду самому раз’язджаць. Што людзі скажуць?

— «Майце веру ў славу Госпада нашага без аглядкі на асобы», — вучыў нас у сваім саборным лісце святы Якуб. Колькі разоў табе паўтараць словы тыя: «Ці не выбраў Бог бедных гэтага свету як багатых вераю і як спадкаемцаў Валадарства абяцанага?.. Калі ж аглядаецеся на асобы, то ўчыняеце грэх і будзеце асуджаныя».

— Яно то так, але ж не прынята тут самому за лейцы… — ніякавата апусціў галаву Грынь, і друкар Іаан уздыхнуў, матнуў рукой ды пакорліва сеў у зладаваныя для яго сані.

— Калі б не такая гразеча, я б лепш пехам пайшоў, — буркнуў ён і ласкава паглядзеў на абрадаванага Грыня: расчырванелы, стрункі, русыя валасы выбрыталіся з-пад шапкі і казычуцца на ветры…

Іаан доўга не мог звыкнуцца з тутэйшымі парадкамі: ездзіць на санях і летам, а вазніца мусіў сядзець верхам. «Добра што хоць ад гэтых дзікунскіх пер’яў ды лісіных хвастоў, якімі, як скамарохі-аблуды, абчэпліваюцца лейчыя, яго адгаварыў», — падумаў ён пра Грыня і ўголас нагадаў:

— Не забудзь, што да Сілуана-каваля едзем…

Сілуан, былы прыслужнік Зоі Палеалог, перажыў у Масковіі ўсе ўладныя змены і сам пераўтвараўся з імі. Жыў ён цяпер у Рамеснай слабадзе вёрстаў з пятнаццаць ад Крамля і меў пасаду царскага гарматнага майстра. Каля абітых жалезам варотаў ягонага новаўзведзенага дома і «трыкнуў» Грынь на каня. Хацеў уехаць на падворак, але Іаан спыніў:

— Дайду, тут пачакай.

На ганку старанна абстукаў боты, зайшоў у святліцу, перахрысціўся на іконы, пакланіўся, крануўшыся правай рукой падлогі, і загаварыў да гаспадара па тутэйшай завядзёнцы:

— Б’ю чалом майму дабрадаўцу! Даруй слабы розум мой… Ці жыў-зрароў, Сілуане?

— Дзякуй, Гасподзь ратуе, — адказаў гаспадар і запрасіў госця прысесці да печы: — Трэці раз за содню палю вось… Стары, напэўна, стаў, мерзну ўсё… — і на яго маршчыністым твары загарэзілі агнявыя водбліскі. — Пачастуешся, чым Бог паслаў?

— Дзякуй, сыты. Я адведаць цябе прыехаў, бо мой хлопец казаў, што ўжо колькі разоў цябе ў кузні не бачыў. А тут формы новыя патрэбныя…

Кіпела праца ў маскоўскай друкарні. Яшчэ не паспелі ўзвесці сцены будыніны, а друкар Іаан думаў пра варштат ды навучаных работнікаў. Праз літоўскага пасла Міхала Галабурду, які хадзіў на службы ў Гостуньскую царкву, дзе дыяканіў Іаан, запрасілі да працы майстра Пятра з Мсціслаўля. Затым прыехаў ліцейшчык літар Васіль Нікіфараў з Ноўгарада. І — праца павесялела. Мясцовыя дрэвары зрабілі з дуба варштатную аснову — скрып. Высоўная дошка была з мармура. На яе клаліся жалезныя формы, у якіх радкамі і выкладвалі шрыфты. Асобныя соты з літарамі па алфавіце займалі левую ад варштата сцяну… Скураной мацой форму належала змазаць фарбай — ашчадна, каб не перастарацца і не зачарніць адбітак, — і заставалася браць паперу ды ціскальшчыку (яго звалі мядзведзем) круціць вінт. Затым да справы прыступаў малодшы служнік: выхопліваў гатовую старонку, клаў на форму чыстую — а «адціснутую» нёс на паліцы правай сцяны. Калі ўсе яны будуць запоўненыя, надыдзе чарга пераплётчыкаў.