Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 64

Алесь Пашкевіч

Супакоіўшыся праходкай, Іван прызваў да сябе полацкага япіскапа і — як між іншым — спытаў:

— А дзе вашая бібліятэка?

Святар выявіў сподзіў і пачаў няпэўна:

— У гэтым попеле і людзей не расшукаць, не тое, што кнігі…

Але цар перарваў:

— Не хітругань, уладыка. Мне даклалі, што падчас асады ігумен з манахамі іх праз падземны ход да Дзвіны перанеслі, а затым у лодках сплавілі, — уцягнуўшы шыю, ён крыва паглядзеў на схуднела-зморанага япіскапа і палагоднеў: — А я табе падарунак падрыхтаваў… — імпэтна ўзняў руку і кіўнуў пальцам.

Мацей вобцасам кінуўся да цара, схіліў галаву і, разгортваючы з белага аксаміту, працягнуў у сваіх дужых руках крыж.

— Вось, вяртаю на кругі свая старадаўнюю рэліквію, яшчэ бацькам маім Васіліем выратаваную…

— Гасподзь усемагутны! — не ўтрымаўся палачанін і ўпаў на калені. — Святая Еўфрасіння!!! Выратуй і заступіся!

— Ну вось, а вы ад мяне бібліятэку хаваеце, — самазадаволена ўздыхнуў цар і пайшоў да падрыхтаванага яму каня. І ўжо ўскочыў у сядло, але ўбачыў, што япіскап з двума манахамі-служнікамі памкнуліся за ім, — і застыў:

— Што яшчэ?

Япіскап асцярожна перадаў крыж бліжэйшаму манаху, падаўся да цара і ўкленчыў каля пакрытых шэранем конскіх капытоў.

— Уставай, уладыка, не трэба дзякі. Я сёння добры, — мякка прагаварыў зверху Іван, а святар узняў да яго салёныя вочы і вымавіў:

— Вялікі князь, надоечы воі твае нашых пісцоў паланілі. Злітуйся і адпусці іх!

Цар выструніўся, скрыгатнуў зубамі і зірнуў на Мацея. Той аддана пацепнуў плячыма і застыў.

— Значыць, так… Забяры-ка ты і гэтага страснацерпца да тых пісцоў! — цар ткнуў бізуном у япіскапа і балюча стукнуў абцасамі каня…

На тым закончылася кнігапісная школа полацкіх братоў-янітаў, закладзеная з паўстагоддзя таму афонскім ігуменам Нілам і ягонымі паплечнікамі. Толькі аднаму з іх было наканавана дайсці палоннікам да Масквы і ў новай валакаламскай манастырскай келлі некалькі разоў перапісаць «Псалтыр», на кожным асобніку пакідаючы наступнае сведчанне: «Написана сїя книга рукою многогрешнаго и недостойнаго раба Богова Івана, полоняника полоцкаго, в заключенїи і во двоихъ путахъ звязанаго. Слава Богу, совершившему сїю книгу. Аминь»…

Даведаўшыся пра захоп Полацка, гетман Радзівіл павярнуў сваё войска на Вільню — рыхтаваць новую абарону. А ў маскоўскі лагер прыбыло пасольства ад Жыгімонта.

— Замёрз я тут і прытаміўся, — кінуў на тое Іван. — Хай кароль шле прызначаных людзей у маю сталіцу, там гаварыць буду! Так і паведамце свайму гаспадару. — Памаўчаў, нерухома гледзячы пад ногі, і дадаў: — А каб вам не з пустымі рукамі вяртацца, ад мяне Жыгімонту падарунак дастаўце: труну, намі адмыслова для яго падрыхтаваную!..

Ён хацеў яшчэ згадаць пра каралеўскую сястрыцу Кацярыну Ягелонку, якая нядаўна ў Вільні абвянчалася з фінляндскім герцагам Юханам Трэцім, але адчуў сябе блага — і выгнаў усіх прэч.

Пакінуўшы ў зруйнаваным Полацку тры палкі, Іван неўзабаве вярнуўся ў Масковію.