Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 63

Алесь Пашкевіч

Палкі загадана было фармаваць пад Вялікімі Лукамі. Затым штодня, «дабы воинским людем истомы и затору не быть», яны па чарзе разам з фуражнымі абозамі выпраўляліся ў паход.

Як не пільнаваліся, літоўская выведка дазналася пра маскоўскую выправу і далажыла гетману Мікалаю Радзівілу. Той спешна сабраў войска і з Менска рушыў на падмогу Полацку.

Аднак першым да горада дайшоў маскоўскі цар. Ён доўга з поймы Дзвіны азіраў старадаўнія пабудовы, штось нячутна шаптаў сам сабе, а затым схаваўся ў шатры, пазваў да сябе Івана Віскаватага і загадаў таму пісаць ліст Макарыю, у якім запэўніваў мітрапаліта, што вайну пачынае «токмо ради бдения о святыхъ храмехъ да иконахъ священныхъ, иже безбожная Литва поклонение святымъ иконамъ отвергше, пощипаше ихъ да многая ругания учинише, а церкви православные разориша, веру христьянскую оставльше и лютеранство восприаша»…

Царскія вайскаводцы меркавалі пачаць наступ з Задзвіння — па лёдзе, з тога боку, дзе Вакольны горад не меў абарончых сценаў. Там размясціліся Перадавы, Царскі і полк Правай рукі. Аднак лёд на Дзвіне пачаў раставаць і трашчаць, і палкі перайшлі ў міжрэчча да абязлюднелага манастыра святога Георгія. Ад берагоў Палаты маскоўцы мусілі наступаць ужо на полацкія ўмацаванні.

І хрысціянскі горад са старадаўняй Сафіяй над Дзвіной — канстанцінопальскай сястрой — захлынецца ў агні і дыме. Дзённыя аблогі нападаўцаў будуць змяняцца начнымі вылазамі абаронцаў. Па заснежаных берагах на лёд сцякацьме неўтаймоўная кроў, а па высокім замку амаль бесперастанку будуць гохкаць сценабітныя гарматы.

І выгарыць Астрог з пасадамі, і на крылах сажнага дыму з прысмакам чалавечыны ўварвуцца ў места стральцы, і ўкоцяць гарматы бліжэй да замкавых сценаў — і абваляць іх.

Пасля сёмага прыступу полацкі ваявода з япіскапам выйдуць да царскага войска прасіць літасці.

— Здавайцеся, і дарую вам волю і маёмасць, — абяцаў абяссіленым абаронцам Іван — а калі ўвайшоў у замак, загадаў забіць усіх ваяроў, а гарадчукоў і сялянаў ад Дзісны да Дрысы паланіў і бясконцымі людскімі клінамі загадаў гнаць у Масковію — праз снег і мароз. Туды ж саннымі абозамі павезлі і гарадскі скарб, і маёмасць купцоў ды заможнай шляхты. А іх колішніх уладальнікаў яшчэ некалькі дзён секлі шаблі царскіх татараў, тапілі пад лёдам Дзвіны і Валовага возера.

І не было паратунку ні іудзею, ні каталіку, ні манаху-бернардынцу, і нікому, хто не скараўся ды не прымаў веру і волю маскоўскую.

У першую пераможную раніцу Іван са сваёй світай прысутнічаў на богаслужэнні ў Спасаўскім манастыры. Затым доўга хадзіў па счарнелым ад сажы і дыму снезе, касалапа крывячы ногі, ад чаго насы ботаў — хоць і закручаных уверх — былі сцёртымі і бруднымі. Яго непрапарцыянальнае цела (доўгае, як расцягнутае, тулава — і кароткія ногі) адкрыта калывалася на вогкім ветры і яшчэ, магчыма, у варожых позірках, і таму Мацей гнаў наўкол дзясяткі ахоўнікаў — каб аніводная чужая душа не патрывожыла цара.