Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 62

Алесь Пашкевіч

Распісаў — і на некаторы час супакоіўся.

А ў памаракавыя сны Івана ўпершыню прыйшла з жанчын не Анастасія, а таямнічая полька Кацярына. Ён крочыў за ёй, спрабаваў схапіць за далікатна-бялявую руку… і ўжо зрываў з яе ружовы італійскі хітон, і бліснулі ў свечкавым гранні атласныя споднія надрагі, як тая раптам перакінулася ў белую лябёдку і выпырхнула ў расчыненае акно…

— Парві мяне, мой гасудар, як гэтую сарочку… — нечакана прастагнала пад ім гарачая дачка нейкага баярына, і ён сполашна ўсхапіўся.

— Ідзі вон, лярва лядашчая! — цар скінуў жанчыну з ложка і пазваў Віскаватага.

— Пашлі ў Кракаў Сукіну яшчэ ад мяне падарункаў. Хай прыспешвае!

Але пакуль выконвалася новае царскае даручэнне, каралеўну Кацярыну сасваталі з братам шведскага караля Эрыка XIV — герцагам Фінляндскім Юханам…

Іван па-ранейшаму піў і патанаў у блудзе з маладой дачкой хана Кабарды чарнявокай княжной Кучаней, якую — каб хоць гэтым супакоіць царскі шал, узяўся ахрысціць сам мітрапаліт Макарый і — ужо як Марыю — абвянчаць з Іванам. І прытухнуць уладныя гульбішчы — пакуль да Масквы не дойдзе навіна аб віленскім вяселлі Кацярыны і Юхана. Тады Іван і пашле Курбскага паліць памежныя заходнія землі ды пакліча свайго пасланца Фёдара Сукіна. І загадае таму сваімі рукамі збіць аграмадную труну…

— У яе пакладу Кацьчынага брата Жыгімонта — ці сам лягу! — мовіць ён на пачатку студзеня 1562 года — і на чале 60-тысячнага войска рушыць на старадаўнюю цвержу Вялікага Княства Полацк.

Мітрапаліт Макарый паспрабуе атушыць ваярскі жар цара, але не зможа. І прапануе ўзяць з сабой старадаўнюю святыню, якая, як спадзявацьмецца, адвядзе няшчасці ды непатрэбныя смерці.

— Некалі яшчэ бацька твой са Смаленска трафеем прывёз яго — Крыж полацкай ігуменні Еўфрасінні. Вайна яго вывезла — а ты назад вярні. І хай абароніць ён усё войска Хрыстовае.

— У паходы са сваімі крыжамі хадзіць належыць! — неўразумела кінуў Іван старому мітрапаліту. А той глыбока ўздыхнуў, трывожна паглядзеў у прымружаныя царскія вочы — і спакойна ўдакладніў:

— Крыжы, Іване, не бываюць свае ці чужыя. Усе яны — Божыя, усе Хрыстовыя. Бо ён — Ісус — адзіны за нас, грэшных, пакуту прыняў і да гэтага часу прымае.

Іван падазрона зіркнуў на Макарыя:

— Ты што, мітрапаліт, мой паход праведны не дабраслаўляеш?

Макарый напружана памаўчаў і адказаў пытаннем:

— А ты як думаеш, гасудар: хіба багаслаўляе Стваральнік наш забойствы?

— Ясна… — цмыкнуў Іван і накіраваўся да дзвярэй.

— Крыж полацкі ў тваёй казне. Вярні святыню ў родны град, — ужо ў царскую згорбленую спіну мовіў Макарый. Ён перажагнаў раскрытыя дзверы і нечакана згадаў, як Івану ўпершыню ў жыцці ўдалося прачытаць радкі візантыйскага Евангелля ад Яна. І трывожна ўспомніў расповеды Максіма Грэка аб багатай Полацкай бібліятэцы…