Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 61

Алесь Пашкевіч

— …Іх ужо вывелі на чыстую ваду! — спавядальна вяшчаў правіцель. — Гэтых ролікавых, сысанковых ды керзанаў… Яны марылі дарвацца да ўлады яшчэ з таго часу, калі я хлапчуком узначаліў краіну. Абяцаю вам: усе атрымаюць па заслугах! А да наступнага года мы справімся з эканамічнымі стратамі ды зможам павысіць заробкі і пенсіі. Як і раней, дзяржава не пакіне без дапамогі анікога… — правіцель яшчэ доўга гаварыў пра ліхіх злодзеяў і прадажную апазіцыю, золатавалютныя запасы і міжнароднае становішча, — і народ зноў пазнаваў у тых расповедах колішнюю прастату і сардэчнасць, шчырасць і адданасць. Пазнаваў свайго кіраўніка — да кожнай, хоць і памаладзелай, маршчынкі пад прасветленымі вачыма, да кожнага, хоць і пажвавелага, руху і жэсту, да кожнага слова і гуку…

Вечарам правіцель прыехаў на ўрадавае лецішча, дзе атайбаваўся заапазіцыянелы Сысанкоў.

— Ты?.. — неўразумела ўзняўся з-за доўгага стала прэм’ер і, п’яна ківаючыся, пайшоў насустрач.

Правіцель кашлянуў-хмыкнуў, схапіў пустую бутэльку — і гэкнуў па азызлай галаве прэм’ера. Той хапануў паветра, лізнуў пульхныя губы — і ўраз абмяк…

А калі назаўтра пасля тэлезвароту гаспадара Жакей прынёс складзеныя спецслужбамі аптымістычныя рэйтынгі і вынікі грамадскіх апытанняў, правіцель спакойна адсунуў тыя паперы на край стала і абнечаканіў памочніка:

— Памятаеш, калі метро забаставала… Я тады ва ўніверсітэце выступаў. Там дзяўчына адна, чарнявая такая, мне паперкі падносіла. Я загадваў даведацца пра яе…

— Так, Кацярына Аляксандраўна Бялоўская, студэнтка філфаку. Я дакладваў…

— Ты запрацаваўся ці прыкідваешся?! — зазлаваў правіцель. — Што мне з тых дакладаў? Давай яе сюды! Ясна?..

— Што ж, про-озвішча тваё-ё адпавяда-ае нутру-у, — як чужым голасам ледзь не праспяваў цар свайму пасланцу акольнічаму Фёдару Сукіну. Вочы не маглі спыніцца на адной кропцы, зрэнкі мітусіліся ў вачніцах — як спалоханыя жукі. Ён перакінуў з адной рукі ў другую скіпетр і кіўнуў вернаму Мацею: — Адпраў яго рабіць труну.

Калі стральцы ўжо дацягнулі невысокае цела збянтэжанага пасланца да дзвярэй, цар удакладніў:

— Добрую вялікую труну! Каб здалёк відна была. — Паглядзеў на пярсцёнак-пячатку, перакруціў яго туды-сюды — і дадаў: — А гэтаму сукінаму сыну й звычайнай ямы хопіць…

Напрыканцы 1560 года, калі Радзівіл Чорны замацоўваўся ў Лівонскіх землях і калі вобраз нябожчыцы царыцы Анастасіі праглынулі супакаяльныя оргіі, Іван Жахлівы накіраваў да Жыгімонта Аўгуста аграмаднае саннае пасольства, якое і загадана было ўзначаліць Фёдару Сукіну. Цар не паскупіўся на падарункі, бо наўзамен спадзяваўся атрымаць не толькі сяброўства караля-суседа, але — і адну з ягоных сясцёр у жонкі.

Жыгімонт жа ўспрыняў прапанову стрымана, а кракаўскі сойм наогул ледзь не адзінагалосна вырашыў выслаць назад маскоўскае пасольства. Аднак Фёдар Сукін не мог здацца. Ён падкупіў каралеўскую пакаёўку, якая ў касцёле падчас нядзельнай службы тайна і паказала дзвюх каралеўнаў. Малодшая, Кацярына, на хвілю паправіла над аксамітным чапком карункавы вэлюм — і царскаму пасланцу запалі ў вочы ўзлёнтыя чорныя броўкі, далікатны носік, спакушальныя, налітыя вішнёвай свежасцю вусны. А затым ён незаўважна паназіраў за яе лябёдкава-грацыёзнай паходкай — і смачна распісаў аб усім тым свайму гаспадару. І не забыў дадаць, што Жыгімонт-Аўгуст не мае нашчадка, а таму з дапамогай ягонай сястры-прыгажуні Масковія можа зноў спалучыцца са сваёй «вотчынай» — землямі Полаччыны і Смаленшчыны.