Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 60

Алесь Пашкевіч

— Пане правіцель, дазвольце прывітаць Вас! — пачаў Жакей, увабраўшы галаву ў плечы, але гаспадар злосна сплюнуў і закрычаў:

— Яшчэ во аднаго прыдурка прывялі! Сам ты пан зачуханы, выхранціўся тут мне. Што, яшчэ ад бадуна не прасох?! — памаўчаў і нечакана кіўнуў на акно: — Чаго машыны прастойваюць? Дзе брыгадзіры і звенявыя?! Не пасееце ў час — будзеце эксперыментальнае поле сваімі слязьмі паліваць!

— Зараз, зараз, усё зробім… — сам не ведаючы, што абяцае, Жакей, цягнучы за лампас Бадакіна, падаўся да выхаду. Прычыніўшы дзверы, ён паслабіў гальштук і прамармытаў: — Гэта, галопампаеўропам, што такое?!!

— Правіцель…

— Ды сам бачу! Пра якое поле крычыць?..

— Прафесар сцвярджае, што гэта сіндром вяртання…

— А з конюхам што?.. Што з тым тваім сіндромам?! Дзед жа — нармальны… — Жакей уздрыгануўся і паправіўся: — У сэнсе нармальна з тога сіндрома вярнуўся.

— Ну так…

— Так тваю цераз так!!! Што рабіць будзем? — Жакей пакруціў жылістай шыяй, яшчэ больш паслабіў гальштук, і верхні гузік на кашулі не вытрымаў — адарваўся і паскакаў па гранітнай падлозе…

І раптам нешта нібыта абудзілася ў вачах памочніка:

— Ну-ка дай мне асабовую справу тога дзеда!

— Паверхам ніжэй, у архіўнай…

…Памочнік глядзеў на біяграфію першага пацыента сакрэтнай лабараторыі, хітаў галавой і не мог вымавіць ні слова. У горле страшэнна перасохла.

— Можа, кавы замовіць?

— Што?

— Можа, кавы? — паўтарыў старшыня Службы дзяржбяспекі.

— Кавы? Не, давай гарэлку, і пабольш… Як вы маглі так з дзедам лапухнуцца?

— Ніякага лапухнуцца… Выхад, як і прафесар зацвердзіў, з сеанса быў беспраблемным, без часавай дэфармацыі.

— Ды што ты вярзеш, генерал! Ты мазгі маеш?

— Я па-а-прашу! — надзьмуўся той, ураз пачырванеў, але супакоіўся і зноў затараторыў: — Ты ж сам чуў, як той расказваў пра сваё апошняе месца працы, пра коней нешта там і весавую…

І памочнік не вытрымаў:

— Я і кажу, што ты дурань! Ды конюх гэты і дваццаць, і трыццаць гадоў таму, як і перад сеансам вашым ляцкім, коней пасвіў! — ён падняў асабовую справу «дзеда» і з размаху ляснуў ёй аб стол. — Заві свайго прафесара!..

На поўную адаптацыю правіцеля спатрэбілася некалькі тыдняў. І ўсё павінна было пайсці звычнымі кругамі, аднак… Аднак абмаладзелага кіраўніка адмовіўся прызнаць народ, які датэрмінова выбіраў яго, верыў і любіў. І старэў. Разам з народам старэлі і вера з любоўю. А што ж цяпер?

На прыпынках і ў курылках пачаліся насцярожаныя перашэпты, якія выліліся ў стыхійныя мітынгі. І з кожным публічным выхадам правіцеля «на людзі» народнае неўразуменне расло і пагражала стаць абурэннем.

— Нашага забілі, а заместа яго падсоўваюць двайніка!

— Так! Паглядзіце ж, ён нашаму ў сыны гадзіцца…

Анічога не магла зрабіць ні тэлепрапаганда, ні Служба дзяржаўнай бяспекі. А тут, як на ліха, узняў галаву прэм’ер:

— Правільна, народзе, нас усіх дураць! Па-а-а-дман!!!

І правіцель быў вымушаны сам ратаваць сітуацыю. Ён выступіў па ўсіх тэлеканалах з надзвычайным зваротам да народа, падрабязна распавёў пра спланаваныя ворагамі падпалы і сваю хваробу, падчас якой некаторыя высокапастаўленыя службоўцы захацелі захапіць уладу.