Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 59

Алесь Пашкевіч

І зноў ён ноч не спаў. А можа і спаў, ды замест сноў у галаве тыя лабараторныя ролікі круціліся: плацэнта з мутнай вадкасцю, чалавек у ёй… Ну рыхтык малое ў вантробе парадзіхі… Толькі вонкі нейкія шлункі спавіваюцца, а за імі — дзясяткі апаратаў, манітораў, лямпаў…

Толькі на трэці дзень, натомлены роздумамі і нездаровасцю, правіцель рашыўся:

— Ну што, конюхі мае верныя, рыхтуйце свае плацэнты… Была не была: буду абмаладжацца! — ён як рэнтгенам прапёк Жакея і Бадакіна, даўжэй узіраўся ў апошняга і, дадаючы ў голас грознасці, спытаў:

— А ты што гэта да мяне без лампасаў прыпёрся?!

Бадакін, як загіпнатызаваны, расцягнуў пляскаты твар і ціха выціснуў:

— Таварыш правіцель, палкоўніку лампасы… не паложаны…

— А чаму гэта палкоўніку? Жакей, галопамцябепаяўропам! Рыхтуй мой указ аб прысваенні яму генерала! І прызначаю Бадакіна старшынёй Службы дзяржаўнай бяспекі. Глядзіце толькі, каб за дзевяць месяцаў тут херні якой не ўпаролі, а то скуру спушчу!.. — Памаўчаў, зноў прыдзірліва агледзеў падначаленых і закончыў ужо больш ласкава: — Пакумекайце, каб за гэты час я з тэлевізара не вылазіў… Мантаж там які зрабіце, ну… як я прымаю аднаго, другога, дакументы падпісваю, вас, гультаёў, ганяю. Падключыце Федарэнкіна, ён знае, што і як. Ясна?

— Так! — у адзін голас гэўкнулі памочнік і службіст.

— Ну вось і лады. Не пабіцеся толькі, хто маёй павіталкай будзе, плацэнта-шмацэнта…

Народ затушыў пажары, адбудоўваў спаленыя хаціны, глядзеў тэлевізар і піў гарэлку.

А Адміністрацыю пачаў даставаць прэм’ер Сысанкоў, рваўся да правіцеля з нейкімі неадкладнымі клопатамі — пакуль яго сяміпавярхова не абклаў і не выгнаў Жакей. Прэм’ер надламаўся, засеў на лецішчы і таксама запіў.

І вось — тэлефанаванне старшыні Службы дзяржбяспекі:

— Таварыш Жакей, тэрмін сеанса закончаны. Будзем спыняць?

— А якія іншыя прапановы?

— Не зразумеў…

— Разумееш ты ўсё не менш майго, — абрэзаў яго Жакей. Безумоўна, соладка было яму, — па сутнасці, кіраўніку дзяржавы, — гэты час; і розныя ўжо кашчунныя думкі ў галаву лезлі, але баяўся ён іх, адганяў як струплю: хто ведае, чым тое адгукнецца… Ды і, ведаючы нораў гаспадара, не мог не думаць аб тым, што без чыёйсьці падстрахоўкі палез той у плацэнту… — Канечне заканчвай!

Жакей скасавурыўся на партрэт правіцеля, замовіў сабе кавы, выпіў без задавальнення — і заспяшаўся ў сакрэтную лабараторыю.

Перад уваходам ужо стаяў лімузін пад нумарам 1, і Жакей спалохаўся, што спазніўся першым прывітаць гаспадара. Каля ліфта яго чакаў скамянелы Бадакін, — нярвова схапіў за рукаў і пацягнуў углыб вестыбюля.

— Слухай… выйшла неспадзяванка. Не ведаю, як патлумачыць…

— Правіцель жывы? — абарваў яго Жакей.

— Так, так… Што ты! Усё атрымалася, толькі…

— Што «толькі»?! Не цягні!

— Памаладзелы, здаровы, толькі… у сваім часе.

— Як у сваім?

— Ды хадзем, сам убачыш!

…У ярка асветленай палаце сядзеў выгалены і вымыты правіцель. Памаладзелы ці не на палову. Калі б не памяць ягоных растыражаваных фота «думскага перыяду», яго б цяжка было пазнаць: ні мяшкоў пад вачыма, ні маршчынаў, ні вострых пашчэнак з абвіслай скурай…