Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 58

Алесь Пашкевіч

— А як ён дыхаў?

— Так, як і ў жываце маці, толькі, зразумела, штучна…

— А што еў у тым вашым пузыры?

— Неабходныя вітаміны і адэкватнае харчаванне падавалася ў плацэнту, ці, па-Вашаму, пузыр, праз…

— Ды ведаю я тую плацэнту не менш вашага, — перабіў правіцель прафесара. — Мы іх з ветэрынарамі яшчэ паследамі называлі…

Усе ўталопіліся на прафесара, але той быў збіты спанталыку параўнаннем і зноў выцер лоб. Памаўчаў, сабраўся з духам — і працягнуў:

— Чалавечы пуп ёсць таямніца, своеасаблівае злучво з сусветам. Праз яго, пасля адмысловых аперацый, мы і падводзім неабходныя шляхі харчавання і вываду адходаў. Паўтаруся, метад вельмі просты і натуральны. Па сутнасці, ён паўтарае тое ж, што робіцца ў матчыным улонні з дзіцем. І тэрмін, як разумееце, мы запраграмавалі той жа…

— Ну а потым, праз дзевяць месяцаў, што? — правіцель зноў ажывіўся.

— Усё… — не зразумеў прафесар. — Спыняем сеанс…

— І пупавіну рэжаце?

— Ну… можна і гэтак сказаць. Адпаведныя шляхі хірургічна адразаюцца…

Пытанняў больш не было. Пацмокаўшы, правіцель нечакана прапанаваў:

— А давай, прафесар, мы і цябе абмаладзім. Галава, бачу, разумная, а то яшчэ кеўкнешся, і медыцына нашая збяднее!

Прафесар ніякавата ўсміхнуўся, а Бадакін ускочыў і залепятаў:

— Таварыш правіцель, Вашая воля для нас закон, але прашу прабачыць і зразумець… Сеанс надзвычай затратны ў плане фінансавання… Я б сказаў — найзатратны…

— Паняў, — уздыхнуў правіцель, зноў цмокнуў і загадаў: — То пакажыце мне ўжо свайго дзеда!

«Пацыента» прывёў сам Бадакін. Дзедам назваць яго магло хіба што немаўля: выглядаў падцягнута, бадзёра. Убачыўшы правіцеля, абрадаваўся і ледзь не кінуўся абдымацца:

— Іва-ан Уладзі-іміравіч, здароўця, ці ты гэта?

— Ну-ну, астынь! — буркнуў на яго Бадакін, але правіцель толькі ўсміхнуўся:

— Нічога-нічога… Дык як, мужык, ты сябе адчуваеш?

— Скардзіцца няма на што…

— А мне казалі, што да маладзіцаў не пускаюць.

— Ну… ента можна й паправіць.

Правіцель наблізіўся да «пацыента», зазірнуў у вочы, пахлопаў па плячы і падрахаваў:

— Харош, маць тваю! — і праз паўзу: — Мне даклалі, што ты мой зямеля. І праўду з-пад Вялікіх Лукаў?

— Ну а адкуль жа?..

— А чым займаешся?

— Цяперака ж нічым. Вось, у гэнтай санаторыі адпачываю. Дзякуй вам і дахтарам: і накормлены, і апрануты, і клопату не маю!

— А да «санаторыі»?

— Дык гэта… конюхам. Пасу, кармлю, а яшчэ летам за бабу на весавой сяджу…

— А не цяжка ў такіх гадах за коньмі бегаць?

— Што вы, Уладзіміравіч! Да санаторыі, не схлушу, не мог ужо, думаў кідаць. А цяпер вылюднеў так, што й галопам дам рады!..

— Чуў, Жакей? — правіцель павярнуўся да памочніка. — Яшчэ адзін наезднік у нашым эскадроне! — задаволена ўсміхнуўся і ляснуў далонямі, што азначала: канчай базар, гайда дамоў…