Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 57

Алесь Пашкевіч

— Маладзіцу, кажаш?.. — правіцель упершыню з дня нечаканай хваробы ўсміхнуўся. — Што ж, будзем думаць. Працягвайце працу…

Керзан выйшаў з выглядам пераможцы, чым насцярожыў памочніка Жакея.

— Ты гэта, галопампаяўропам, мне нічога не хочаш сказаць?

— Не маю права, таварыш Жакей, нумар нуль, сам разумееш…

А праз некалькі хвілінаў памочніка паклікаў да сябе правіцель.

— Значыць так…. Надакучыў ён мне. Хай адпачне. Зрабі так, каб Керзана я не бачыў. І тэрмінова да мяне ягонага намесніка. Як там яго?

— Бадакін.

— Ды хоць Сракін…

Ноччу ён зноў не змог заснуць. Завярэдзілі ўспаміны, а да ўсяго — адолелі болі: і ў галаве, і ў суставах… Задышка падкаціла… Ад пігулак і парашкоў ужо на ваніты цягне…

Раніцай выклікаў памочніка. Той, як і гаспадар, таксама не спаў — кубкамі глытаў каву і выглядаў бадзёрым.

— Рыхтуй сустрэчу. Паехалі, хачу паглядзець, што там…

Пра візіт правіцеля ў сакрэтную лабараторыю Службы дзяржаўнай бяспекі акрамя яго самога і ахоўнікаў ведалі толькі два чалавекі: Бадакін і Жакей. Напачатку высокім наведвальнікам паказалі два відэёзапісы: кульгавы стары да «сеанса» і ажывелы мужчына гадоў пад сорак.

— І што, гэта адзін і той жа хрэн?! — не паверыў бачанаму правіцель.

— Так. Працэс сеанса кантраляваў асабіста я. Папраўдзе, і сам дагэтуль дзіўлюся, — ускочыў па стойцы «смірна» Бадакін.

— То раскажы, як такая байда атрымалася?

— Да сеанса рыхтаваліся дзевяць гадоў. За медзабеспячэнне адказвае прафесар Скоркін. Мае трох асістэнтаў, медычак. Усе, як разумееце, правераныя ды ізаляваныя. Пацыент быў адабраны ў Вялікалукскім раёне. 75 гадоў. Па легендзе знік без вестак. Дастаўлены ў лабараторыю 2 жніўня 20… года. Сеанс пачаўся 13 жніўня, закончыўся 30 красавіка 20..-га. З таго часу — пад нашым наглядам. Адчуванне выдатнае, медпаказчыкі выдатныя, толькі… — Бадакін заціх.

— Ну?

— Толькі жанчын патрабуе. Новых. А тут жа — сакрэтны аб’ект. Прафесар скардзіўся, што ягоных медычак заюзгаў…

— То не хвароба! — усміхнуўся правіцель, разгладзіў у абодва бакі вусы і спытаў сур’ёзна: — А ёсць якія аслажненія?

— Не, таварыш правіцель, не выяўлена.

— Дык што ж, урэшце, вы яму тут зрабілі? Не на клізмах жа памаладзеў?!

— Не… Тут цэлая праграма. Яму, гэта… пупавіну аднавілі… і ў плацэнту, як у матчын жывот…

— Іван Уладзіміравіч, — мякка прамовіў Жакей (любіў у прысутнасці высокіх асобаў так назваць правіцеля, падкрэсліваючы сваю блізкасць да кіраўніка і казыраючы тым). — Я моцна перапрашаю, што перабіваю, але, можа, варта паклікаць самога прафесара? Ён бы распавёў пра ўсё больш дэталёва…

— Так, правільна, давай!..

Састарэлы прафесар напачатку ледзь не самлеў ад нечаканкі, але потым ачомаўся і выглядаў упэўнена:

— …Доследы базуюцца на аснове медыкафізічных, неўрапсіхалагічных і біяметральных фактараў…

— Стоп-стоп, — замахаў правіцель. — Не гані сваю пургу! Ты можаш проста і па-чалавечы растлумачыць, як дзеда абмаладзіў?

— Так-так, прабачце, зараз… — прафесар дастаў насоўку, выцер спатнелы лоб і працягнуў: — Чалавек пачынае старэць з таго часу, як нараджаецца. Свет — гэта дадзеная Усявышнім і сапсаваная чалавецтвам плацэнта… Вось мы і паспрабавалі вярнуцца да першаснасці, да матчынага, так сказаць, улоння. Стварылі штучную бараплацэнту ды змясцілі ў яе старога пацыента. Усе тэрмальныя ды іншыя жыццёва неабходныя працэсы кантралявалі аўтаматычна. Пацыент спаў, а за перыяд сеанса цела ачышчалася і акумулявала назапашаную энергію. Абмаладжалася…