Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 56

Алесь Пашкевіч

— Вітаю Вас, пане правіцель… Дазволіце зайсці?..

— Што ў цябе? — Мароз неахвотна адарваўся ад чытаніны. — Ты што паперу не эканоміш? Заваліў мяне гэтымі запіскамі… Вочы мае хоць бы пашкадаваў!

— Прабачце, я б не турбаваў, але тут без папярэджання Керзан просіцца…

— А яму што?

— Не магу знаць. Сказаў, што па нумары нуль…

Так — нумар нуль — кадыфікавалі найсакрэтныя перамовы, якія без пасярэднікаў вялі службоўцы з кіраўніком. Зразумела, тыя, якія мелі доступ…

— Запускай.

Пакамечаны жыццём, службай і прыроднымі катаклізмамі, але ў зіхоткай аправе з некалькіх радоў ардэноў і ў навюткім генеральскім мундзіры, Керзан кінуў на Жакея прыхавана-раўнівы позірк і, сам зачыніўшы масіўную дзверыну, працокаў да стала і там выпаліў:

— Здравія-жадаю-таварыш-Галоўна-каман-дуючы!

— Ды цішэй ты!.. Сядай.

Керзан наструнена глядзеў на правіцеля і не варушыўся, пакуль той не адклаў раздрукаваны вялікім шрыфтам аркуш і не ўздыхнуў:

— Вочы скора вылезуць… Давай, што ў цябе?

Старшыня Службы дзяржаўнай бяспекі ўскочыў і залепятаў:

— Таварыш галоўнакамандуючы! Я маю радасць далажыць Вам, што ў выніку праведзенай намі працы і адпаведных мерапрыемстваў… маем у выніку… хочам прапанаваць Вам… паколькі праверка праведзена шматпланава, ну а да ўсяго праходзіла аперацыя ў найсакрэтным рэжыме… — ён нечакана для сябе збіўся і акамянеў.

— Не трыньдзі ты, — зноў уздыхнуў правіцель. — Толкам можаш сказаць?

— Так точна… — Керзан выцер аб лампасы спатнелыя далоні. — У нашым сакрэтным цэнтры дамагліся нечувалага! Маю на ўвазе аперацыю «Плацэнта»… Праведзены доследы і аперацыя, пасля якой пацыент памаладзеў на тры дзесяцігоддзі!

Ён набраў паветра і замоўк.

— Ну-у… — правіцель неўразумела склаў на жываце доўгія рукі. — І што: дзяржаўную прэмію табе за гэта даць?

— Я не аб тым, не так зразумелі… Я з прапановай… Толькі правільна мяне зразумейце… Аперацыя найсакрэтная. Акрамя праверанага медперсаналу аб тым знаю толькі я і мой намеснік. Я асабіста курыраваў… А таму маю гонар прапанаваць… Толькі правільна зразумейце…

— Ды не цягні ты жуйку — што хочаш?!

— Хачу, толькі правільна… бо ад усяе адданасці… Лішнія ж Вашыя гады анікому не перашкодзяць… Хачу прапанаваць… абмаладзіцца…

Правіцеля як ашпарылі:

— Што?! Ты гэта… Думаеш, што я ўжо не магу са сваімі старымі косткамі тут сядзець?! Так?!!

— Аніяк не… Я зусім не аб тым… Я проста як лепш… Грошай жа на тое пайшло… Таму каб лепш хацеў… — і Керзан нечакана абмяк ды заціх.

— Як лепш, кажаш? А што там за аперацыя? Не падцяжкі ж ты мне прапануеш зрабіць, а?

— Што-о Вы… — ажывіўся Керзан. — Медыкі сеансам завуць… Там гэта… пупавіну нарошчваюць, а пацыента, так сказаць, у бараплацэнту…

— У бара што?

— Плацэнту… Аб тым лепш самі медыкі хай… Мы ж найперш за бяспекай і сакрэтнасцю… Ну а вынікі, я скажу-у-у! Дзеда аднаго… і напаўсляпы быў, і хваробаў букет… ледзь соваўся, а праз дзевяць месяцаў, прашу прабачэння, маладзіцу папрасіў! І вось ужо паўгода джыгітуе, як падшыванец…