Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 55

Алесь Пашкевіч

І на ратным полі спела бяда: казна спусцела, і нават лівонцы не спяшылі папаўняць яе сваім срэбрам. Новае пасольства ад дэрптскага япіскапа прыехала ў марозную Маскву прасіць аб адтэрміноўцы выплаты, але Іван не прыняў яго. Ён загадаў выгнаць пратэстанцкіх сабак з горада і даручыў Адашаву рыхтаваць паход.

Зноў палілася кроў. Гэтым разам лівонскіх хрысціянаў нішчылі татары пад ачолам казанскага ех-хана Шах-Алі, нанятыя ў царскае войска. І зноў застагналі нябёсы; і задымелі весі; і выразалі дзяцей з улонняў матчыных, і гвалцілі да смерці жанчын, а тых, хто яшчэ высільваўся ўцякаць, цкавалі сабакамі…

І здалася Нарва, і скарыўся Дэрпт, і было перамір’е, і ў вачах новага Аляксандра Неўскага заплёскалі Балтыйскія хвалі, да якіх вось-вось выйшла б ягонае царства — але абудзіліся суседнія Вялікае Княства і Польшча. Не мінуў і год, як рыжы ліс гросмайстар Кетлер змовіўся з каралём Жыгімонтам ды быў па-брацку прыняты ў Вільні. І ў жніўні 1560 года віленскі ваявода Мікалай Радзівіл Чорны з войскам увайшоў у Рыгу. Адашаўскія высочнікі-шпігі даносілі Івану, што Кетлер рыхтуецца з’яднаць Лівонію з Літвой і перадаць Радзівілу крыж і ордэнскую мантыю, аднак маскоўскім палацям было не да іх…

У спякотны жнівень таго ж 1560 года ад нараджэння Хрыстовага памірала ў цяжкіх муках маладая царская жонка. Яго адзіная чалавечая радасць і ратаванне. І на ягоных патухлых вачах адышла да Госпада.

— Вы ўсе адкажаце за гэта! За ўсё адкажаце… — здзічэла шаптаў цар над мёртвай Анастасіяй і гладзіў яшчэ цёплую чарнявую пасму ейных валасоў. Стагнаў і шаптаў: — Усе-ўсе…

5

Яго чарговае дзяржаўніцкае лета выдалася спякотным і дымным. Гарэлі лясы, дамы, хлеб. Пякельная непрадыхная павута зацягвала гарады, і ён роспачна насіўся на верталёце па краіне, наладжваў аператыўкі і нарады, даваў прачуханца ўсім — ад ляснічых да губернатараў і прэм’ера, сам працаваў з пажарнымі, а калі ўзнімаўся на верталёце — у вачах плылі чырвоныя кругі.

— Па звестках спецслужбаў, чырвоных пеўняў нам падкідваюць… — сказаў стомлены-пастарэлы Керзан і пачаў выціраць са штаноў сажу. — Калі не будзе іншых установак, аформім паказальныя суды…

— Каго падкідваюць? — не зразумеў правіцель.

— Падпалы, кажу, па данясеннях — спланаваныя.

— А… Пеўні чырвоныя… Ды гэта ўжо коні, а не пеўні! Тысячы дамоў ляснула! А лесу колькі! Хто кампенсуе, адкуль грошы браць? Што людзям… — Ён не змог дагаварыць. Трап нечакана вільнуў убок, перад вачыма праплыў чырвоны жывот верталёта — і стала цяжка дыхаць. Правіцель упаў на рукі спалоханага старшыні Службы дзяржбяспекі і ўжо не памятаў, як яго абступілі дактары і як «Борт № 1» тэрмінова накіраваўся да сталіцы…

І вось — ён перад выбарам, да якога ішоў няпроста і не адзін месяц. Ці жарты: пакінуць краіну на дзевяць месяцаў без свайго нагляду! І да медыкаў асаблівага даверу не меў: а што калі задушаць той пупавінай? Аднак… Сеанс, як ахрысцілі працэдуру-аперацыю, мусіў надаць сілаў і незвычайна абмаладзіць арганізм…

Пачыналася ж усё казённа. Калі дактары паставілі правіцеля на ногі, раніцай у ягоны кабінет, сваімі памерамі падобны да хакейнага поля (толькі замест лёду ляжаў канадскі паркет), ветліва пастукаў памочнік Жакей, мякка прачыніў дзверы і далікатна вымавіў: