Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 54

Алесь Пашкевіч

З дзясятак баяраў у троннай зале аціхлі. А Іван, бадзёрачыся, усміхнуўся, марудна агледзеў усіх і пачаў з пытання:

— Што замоўклі? Бачу, і сталец царскі яшчэ пусты… — упэўнена падышоў да яго, пагладзіў выяву залачонага візантыйскага арла над узгалоўем спінкі, пастукаў па шырокіх касцяных падлакотніках: — Аглохлі, ці што? Пытаю, чаго трон пустуе?! Дзе Уладзімір, брат мой? — і царскі голас насыціўся злосцю: — Што, рукі свае прагныя пагрэць вырашылі? Сын мой кроўны вам не даспадобы?! Як псы звыродныя рваць цела маё сабраліся?!! — ён задаволена-хітравата ўсміхнуўся ды, хоць і стомлены, з выглядам пераможцы сеў на сталец і працягваў ужо спакайней: — Самі запомніце і зграі сваёй перадайце: вялікі цар Іван Васільевіч паміраць перадумаў ды ўсіх вас яшчэ перажыве. І ў гонар свайго выздараўлення загадвае ў наступную нядзелю сабраць царскі абоз у багамольную службу да Белага возера, у Кірылаў манастыр. А цяпер… — Іван устаў і яшчэ раз строга агледзеў прысутных. — Вон з вачэй маіх! А ты, Мацей, — сказаў, ужо вяртаючыся ў апачывальню, — расшукай сябручкоў маіх Адашава з Курбскім і аб выправе паведай. І варту ў Крамлі ўзмоцні, з самых надзейных.

— Узмоцнена, гасудар, ужо трэці дзень як і без загаду пабольшана…

З розных прычынаў цар выпраўляўся з Масквы. Так, у сваіх літанных малітвах ён абяцаў у выпадку выздараўлення ахвяраваць манастырам землі і золата ды выправіцца ў багамолле. Але было і іншае, што не давала спакою ні падазроным дням, ні бяссонным начам: трывога, распаленая нявернымі баярамі, здрада бліжэйшых сяброў (а таму і ўзяў з сабой Адашава з Курбскім, да якіх ужо не было даверу і якіх хацеў трымаць перад вачыма). І змеямі джалілі невясёлыя весткі ганцоў: узбунтавалася Казань, загублена тысяча старажавога палка, а непакорныя нават пачалі ўзводзіць у соднях пераходу ад Казані новы горад… Заварушыўся Крым, Лівонія парушае межы…

У дарозе, зняможаны горкімі думамі, ён правальваўся ў нябыт, а за ім, хрыпучы ды пыхкаючы гарачай пенай, несліся наўскач чырвоныя коні. І ён ужо ва ўсю гарцаў на іх, і спрасонь шаптаў малітвы, але словы іх былі цяжкімі і не маглі — як мовіў пры сустрэчы сівы як лунь Максім Грэк — узняцца да Бога.

— Бачу, — казаў стары манах, — што злосць і гнеў цела тваё сушаць. Будзь марудным на слова і марудным на гнеў, бо чалавечы гнеў не творыць праўды Божай…

Аднак магутны чырвоны конь нёс яго наперад — туды, дзе неспакойны небакрай патанаў у дымах і неразгаданасці. А багамолле закончылася трагедыяй: загінуў-утапіўся малы Дзімітрый… І цар панурыўся ў новую прадчуласць — прадчуласць праклёну на ягоны род. За бацькавыя, магчыма, грахі, які кінуў сваю венчаную жонку, «бясплодную смакоўніцу» Саламаніду, у манастыр ды з новай нарадзіў яго, Івана.

І цар гнаў хмары тых здагадак, і яра сеяў семя сваё ў лоне Анастасііным — аднак узыходы былі рэдкімі і слабымі: рос нягеглы сын Іван, трэці — Фёдар — меў памутнёны розум, а тры дачкі памерлі немаўлятамі.