Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 36
Алесь Пашкевіч
На некаторы час маладыя інкунабулы адарвалі Глінскага ад таксама нестарой Джуліі, і аднойчы яе прыслужніца перадала кароткую запіску: «Бывай і прабач! Плыву з капітанам Душанам па сваё шчасце…».
Яны не былі вянчаныя, але праваслаўны Міхал, рыхтуючыся да таго, прыняў каталіцызм. А здрады — не прыняў. Ён надумаў сабе, што яго пані сэрца выкраў той капітан з зецкай шхуны і звёз у свае сербскія горы. Міхал кінуўся ў пагоню і праз восем дзён пялёскання на адрыятычных хвалях дабраўся да чарнагорскай Будвы. Адтуль конна — да Бара, схаванага ад мора пагудастымі гарамі і аліўкавымі садамі, прапахлага марскім ветрам і мядовым святаяннікам. У Бары, як распавядалі яму рыбакі, і жыў той крыўдліўца Душан.
Але… з зачараванага мясцовымі прыгажосцямі Міхалавага сэрца нечакана выпала Джулія… Ён закахаўся ў Зету-Чарнагорыю1, якая хоць і была афіцыйна ў той час пад Асманскай імперыяй, але не пускала ворага ў свае горы, да сваіх старадаўніх манастыроў. У нядаўна заснаваным Іванам Чарноевічам паміж балканскіх хрыбтоў Цэціне — сталіцы краю — ужо трэцяе дзесяцігоддзе працаваў друкарскі дом, якім кіраваў Іванаў сын Джурджэ Чарноевіч. Тут Міхал Глінскі ўпершыню ўбачыў інкунабулы на кірыліцы, пагартаў кнігу палачаніна Францыска Скарыны, якога расшукваў у Падуі ды так пакуль і не пабачыў…
Тут, у праваслаўным Цэціні, ён упершыню вычытаў, што Канстанцін Вялікі, візантыйскі імператар і патрон Канстанцінопаля, нарадзіўся ў Сербіі — на гэтай зямлі! Тут пачуў Глінскі і пра манаха Максіма Серба, які прыйшоў з Афона, натхніў манахаў на кніжную справу і заклаў мясцовы звяз брацтва янітаў.
І ліцвін-летуценнік Міхал Глінскі не мог не зліцца з імі! Апантаны рыцарскім служэннем, ён выправіўся на радзіму, наведаў Наваградак, Полацак, Вільню. Нарэшце пазнаёміўся і зсябраваўся са Скарынам, і калі першадрукаром былі даціснутыя і пераплеценыя новыя кнігі Бібліі, а на маскоўскі сталец узышла пляменніца Міхала Глінскага Алена — прапанаваў накіраваць частку друкаваных кніг у Масковію.
Хто ж мог ведаць, што з таго станецца? Што тыя кнігі, упершыню даступныя і мовай, і колькасцю — будуць названыя ерэтычнымі ды спаленыя на крамлёўскім пляцы? А яніт Максім Грэк, афонскі інак, які таксама прайшоў вучобу ў Падуі і Фларэнцыі, будзе асуджаны на тамтэйшым царкоўным саборы за нібыта няправільныя пераклады кніг Божых ды высланы ў Іосіфа-Валакаламскі манастыр.
Зрэшты, аніхто не мог спрарочыць тады і незайздросную долю самога Міхала Глінскага…
І вось цяпер ён, стары і нямоглы — перад налітым маладосцю, але таксама змораным ліхімі месяцамі стрыечным унукам і гасударом, царом і вялікім князем Іванам IV.
Ён шматкроць уяўляў сабе гэтую сустрэчу — ці не з самага Іванавага нараджэння. Вымалёўваў яе ў сваіх вязніцкіх мроях, першыя фразы размовы прыдумляў, на памяць завучваў — нават калі і веру ў тое спатканне на гэтым свеце страціў. І вось — здзейснілася…