Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 38
Алесь Пашкевіч
— Затое розум моцны! — Іван рэзка ўскочыў і паціснуў суразмоўцу рукі. Зірнуў вузкімі вачыма прасветлена, нават задрыжэлі веі: — Будзь госцем маім! Калі ад пачосткі адмовіўся — загадваю пір у твой гонар! А перад тым, пакуль зрыхтуюць усё, запрашаю ў лазню: змыць і пыл дарожны, і думы вязніцкія…
Гасцёўню — сцены якой былі абабітыя скурамі, а пасярод стаяў доўгі стол — напаўнялі пахі часнака і зялёнай цыбулі, у іх дамешваліся дымныя водары печанай рыбы й смажанай дзічыны.
Іван і Міхал увайшлі бадзёрымі, расчырванелымі, у аднолькавых даўгаполых вішнёвых каптанах — толькі целы розніліся на паўвеку…
У місах і сподах былі прыгытаваныя печаны дзік, абсыпаны зелянінай, смажаныя перапёлкі ў пярцовай падліве, галовы шчупакоў з натаркаванай рэпай, юшка з шафранам, заечыя ныркі ў смятане з імбірам… Дубовыя кубкі поўніліся наліўкамі. У вялікім срэбным збане над кубкамі і карцамі чакала чырвонае рэйнскае віно. З яго і пачаў Іван пачостку:
— Прашу паспытаць: «Петэрсімона», найлепшыя лекі ад стомы і ліха! Галандскі купец адмыслова ў Маскву прывозіць.
Яны стоячы прыгубілі — і прыселі. Глінскі адламаў ад хлебнай лусты краец і доўга моўчкі жаваў. Іван уважліва назіраў за ім і піў.
— Ты мовіў, княжа, што хацеў у мяне, грэшнага, парады спытаць. Разумею, што пачуць хочаш, як далей жыць-кіраваць. Дык калі не перадумаў, магу нешта падказаць…
— Давай! — цар адставіў кубак і сплёў на грудзях свае доўгія рукі.
— Што ж, слухай. Толькі не крыўдуй, калі што не да душы прыйдзецца…
— Гавары!
— Стольны град твой — пад попелам. Народ — у голадзе. А што ў цябе перад вачыма? — твар Глінскага раптоўна стаў грозным. Цар глядзеў на яго спакойна і маўчаў. — Што?! Падобнай раскошы я не бачыў і ў Максіміліяна ў яго лепшыя часы! Зрабі першы крок: аддай усё гэта прасталюду маскоўскаму, які цяпер лебяду есць з гарэлай чалавечынай!
— Аддам, — раптам спакойна сказаў Іван. — І што далей?
— А далей заві ўсіх — і галыцьбу, і баяраў, і дзякаў — на адбудову горада. І сам тую працу ачоль, каб народ бачыў.
— Ачолю… — цар падсунуўся бліжэй да стала. — А затым?
— Затым сход збірай, сабор рыхтуй, раду склікай, як тое некалі слаўныя продкі рабілі — і ў вочы люду глядзі!..
…Праз два гады на Чырвонай плошчы перад адбудаваным наноў Крамлём не было дзе ўпасці шапцы. На вялікі Сабор з’ехаліся служнікі, пашныя, соцкія і дзясятнікі, дзякі і дыяканы, намеснікі і старожнікі з усіх гарадоў і ўдзелаў.
Цар стаяў на ўзвышэнні пасярод Саборнага пляца і прамаўляў гучна, узбуджана. Гаварыў пра пачатак новага жыцця для дзяржавы, пра злачынствы баяраў і ліхвярствы купцоў, абяцаў пакласці таму канец — у імя справядлівасці і любові. А напрыканцы, агледзеўшы ўзрушаны натоўп, звярнуўся да мітрапаліта:
— Малю цябе, святы ўладыка, будзь маім памочнікам у гэтай справе! Ты ведаеш, што я застаўся без бацькі ў чатыры гады. Родзічы не клапаціліся пра мяне… Яшчэ хлапчуком я сеў на царскі трон. Баяры ж адно кроў пілі — маю і вашую… — Іван уздыхнуў і правёў рукой над плошчай. — Ліхаімцы і суддзі, які дасце цяпер адказ за тыя слёзы і кроў?! — Ён узняў галаву да неба, затым марудна пакланіўся на ўсе чатыры бакі і пранікнёна закончыў: — Малю й цябе, народзе Хрыстовы, аб дараванні маіх грахоў, бо толькі адзін я найперш вінен перад Богам і вамі за ўсё здзейсненае на гэтай зямлі. Даруй і забудзь зло і несправядлівасці, бач ува мне свайго суддзю і заступніка!