Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 35
Алесь Пашкевіч
Ды Глінскі не меў крыўды за тое — ні на лёс, ні на пляменніцу. Ён быў іншым чалавекам, злепленым з узнёслай горнай гліны ды закалены духам рыцарства. Яму б са сваімі звычкамі і поглядамі нарадзіцца гадоў на дзвесце-трыста раней — але і на час ён ніколі не наракаў. Гэта цяпер ён сівы і спарахнелы, а некалі… Некалі з дзецьмі Радзівілаў быў выпраўлены з Вялікага Княства на вучобу ў Італію, спасцігаў філасофію і архітэктуру, багаслоўе і астраномію. Ваенную справу неаднакроць даводзілася вучыць на практыцы: браў удзел у некалькіх «дварцовых» заварухах і ўмудрыўся патрапіць у паплечнікі імператара Максіміліяна і Альберта Саксонскага. Да бяспамяцтва закахаўся ў Джулію Кастальдзі, дзед якой, Памфіліё з Фельдры, спрычыняў яго да таямніцаў новай навукі кнігадрукавання.
Не меч, а слова ўрэшце запануе ў свеце! У гэтым быў непахісна перакананы ліцвін Міхал Глінскі. Запануе і пераможа! Легенда ўсё тое са сном прарочым Канстанціна Вялікага: Бог, нібыта, паказаў яму перад бітвай з тагачасным уладаром Італіі Максентыем вогненны меч-крыж з надпісам па-старагрэцку «Эв тоута віка!» — «Сімъ победиши!» — «Гэтым пераможаш!1». Імператар, безумоўна, варты заслугаў за тое, што хрысціянскую веру зрабіў дзяржаўнай і бараніў яе. І сталіцу ў Візантый перанёс з Рыму. І ўзвысіў Канстанцінопаль. Але… Але ці мог усялюбны Бог натхняць на забойствы? Тое ж усяму Святому пісьму пярэчыць! Адно любоў і слова Божае і ўратаваць, і перамагчы могуць. Толькі слова трэба ахрысціць агнём, трэба выкаваць яго, як і меч…
Гэтым пераможаш!
Міхал Глінскі нават быў расплакаўся, калі ўбачыў, як выплаўляліся металічныя літаркі, чароўныя ў сваіх люстэркава-няправільных абрысах… Затым іх складвалі ў касы-радкі, касы — у соты-старонкі. Правёўшы афарбаваным валікам, паўвыпуклай цягай адціскалі на паперы…
Вынаходства друкарскага варштата прыпісваюць немцу Іагану Гутэнбергу. Першадрукары Іаан Ментэль са Стразбурга, які меў друкарню ўжо ў 1458 годзе, і Пфістэр з Бамберга, і Францыск Скарына з Полацка будуць прызнавацца вучнямі Гутэнберга. Сваё першынства адстойвалі галандцы — і называлі земляка-друкара Костэра. Не адставалі ад іх, натуральна, і італьянцы, аднародзіч якіх Памфіліё Кастальдзі, дзед пані сэрца заблукалага ў часе рыцара-ліцвіна Міхала Глінскага Джуліі, вынайшаў перасоўныя рухомыя літары. Як распавядалі ягоныя дзеці, Кастальдзі не ўбачыў у тым надзвычайнага і «саступіў» вынаходства Фусту, які з сябрамі заснаваў друкарню ў Майнцы. Зяць і прадаўжальнік справы Фуста Петэр Шэфер у «Інстытуцыі Юстыніяна» 1468 года і назваў першадрукарамі Гутэнберга і Фуста. Быў ці не быў ім Фуст, паўплывалі на вызначэнне сваяцкія пачуцці ці не, пабачыў ці не першым друкаваную кнігу-інкунабулу на варштаце пад Майнцам Іаган Бонемантан-Гутэнберг — хто ведае?
У тое Міхал Глінскі асабліва не ўдаваўся. Якая розніца для гісторыі, хто першы пакінуў след-адцінак босай нагі на мокрым беразе, хто прыклаў пячатку на бяросту, пергамен ці паперу, хто аддрукаваў першую кнігу? — калі ўсё тое: і нагу, і бераг, і пячатку з пергаменам, як і саму кнігу — стварыў Пан Бог? Важная, верыў рыцар-ліцвін, толькі перамога — перамога «жалезнага» слова над жалезам мяча…