Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 34

Алесь Пашкевіч

Ён з малалецтва баяўся напісанага, кніжнага. Не мог чытаць. За яго тое рабілі нянька, пасцельнік, затым — пісар, дзяк, духаўнік. Яму чыталі ўслых — Біблію, Пчалу, Ступенную кнігу. І ён, сціскаючы вусны ды мружачы павекі, злёту вымагаўся запамінаць пачутае. Сам жа… Сам жа не мог скласці-злучыць літары ў слова. Ведаў іх, мог пісаць і перапісваць. А чытаць, знітаваць — не!

Ён баяўся аб тым прызнацца, саромеўся аб тым гаварыць. І страшэнна пакутаваў. Як нешта адрэзана было ў вачах і галаве. Як перагарэла. Тыкаў пальцам на слова — і запінаўся. Спрабаваў па літарах. Агучваў першую, а як даходзіў да другой — некуды сплывала з вачэй і памяці першая. На іх, блытаючыся, наступала трэцяя, наплывалі, узбіваючы паніку і ўнутраную дрыготку, астатнія… Ён нерваваўся. Калацілася галава. Рукамі сціскаў яе — і тэкст, нават самы невялікі, расплываўся перад ім. Кніга, а таксама стол і табурэт пачыналі хістацца. Станавілася блага, і ён закрываў вочы ды крычаў…

Думалі, у княжыча аслабнуў зрок. Клікалі лекараў, правяралі — усё добра. Пісалі на паперы тыя ж самыя літары — называў-пазнаваў. Пісалі слова — і анічога! Падносілі кнігу — ліхаманкава дрыжэў і ці хаваўся, ці ўцякаў1.

А тут — як вочы ў ім наноў выраслі. І ў вечаровым прыцемку, і ў сполыхах свечак ён чытаў і не мог спатоліцца: І святло ў цемры свеціць, і цемра не агарнула яго. Быў чалавек, пасланы ад Бога; імя яму Ян; Ён прыйшоў дзеля сведчання. Каб сведчыць пра Святло, каб усе ўверавалі праз яго… — перагарнуў некалькі старонак і працягнуў: Пілат сказаў Яму: значыцца, Ты Цар? Ісус адказаў: ты кажаш, што Я Цар; я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у свет, каб засведчыць ісціну; кожны, хто ад ісціны, слухае голасу Майго…

Ён заснуў, паклаўшы галаву на кнігу — як дзіця: соладка і бесклапотна. Дагарала тоўстая свечка, і яе празрыстыя слёзы сцякалі на царскую далонь з залатым пярсцёнкам-пячаткай.

У высокае акно келлі прадзёўбнуўся ранак, а затым жнівеньскае сонца разагнала па кутах прапахлыя драўлянай смалою цені — а ён ціхмяна і супакоена соп, усміхаючыся скрозь сон, ды зрэдку нешта шаптаў. І аніхто — ні Макарый, ні пасцельнік — не насмельваліся будзіць яго. А як толькі расплюшчыў павекі — загадаў нястомнаму Мацею:

— Расшукаць і вызваліць грэка Максіма ды Міхаіла Глінскага! Хачу бачыць іх гасцямі ў доме маім.

Старэйшына янітаў Максім Грэк, разбіты хваробамі, адмовіўся ехаць да цара: «Ад’ездзіўся я за сваё жыццё… Быць мне да скону манастырскім затворцам — там, куды Бог упадобіў патрапіць». А князь Міхал Юр’евіч Глінскі, як выявілася, жыў ужо вольна з сям’ёй у Ржэве. Падумаў, пакуль ганец дапіваў квас — і пачаў збірацца ў дарогу.

Ён, здавалася, сам быў дарогай. Ці дарога — ягоным сэнсам, духам, пульсам. І яе — свабоднай, наталяльнай — ой як не хапала яму ў вязніцы. Вязніцы, куды кінула родная пляменніца, якую гадаваў-няньчыў, якую да шлюбу царскага вёў, якую на сталец маскоўскі падсадзіў — і ў адказ быў абдораны іржавымі кайданамі.