Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 33

Алесь Пашкевіч

— Годзе, адпалявалі. Гайда дамоў!

Рушылі да Масквы. У першай слабадзе з прыдарожным шынком спыніліся спатоліць смагу.

— Нібыта, нарэшце, хмара… — Мацей выцягнуў нізкалобую галаву і глядзеў наперад. — Можа, і дождж будзе?

Шэра-попельнае воблака расцякалася па небакраі, варушылася, гусцела, і нехта з лоўчых, хто яшчэ не паспеў злезці з каня, сполашна прашаптаў:

— Божухна, гэта ж пажар…

Масква згарэла.

Згарэлі царскія і баярскія палаты Крамля, Успенскі сабор, казна, арсенал, два манастыры з цэрквамі, дзевяць бліжэйшых слабодаў.

Згарэлі амаль дзве тысячы гараджанаў. Мёртвы попел пакрыў дарогі і смярдзеў паленай чалавечынай.

Цар схаваўся ў паляўнічым дамку на Вараб’ёвых гарах і нікога да сябе не пускаў. Ні еў, ні піў. Праз драўляную сценку быў чуцён ягоны няспынны шэпт: малітвы, трызненні. А потым загадаў паклікаць да сябе мітрапаліта Макарыя.

— Гасудар, ён увесь нямоглы, — баючыся патрапіць пад гнеў, мякка мовіў Мацей. — Ледзь не згарэў у саборы. Цяпер яго ў Дольнім манастыры выходжваюць.

— Едзем туды!

Мітрапаліт яшчэ не хадзіў. Убачыўшы цара, прыўзняўся на лежаку і прыхінуўся да сценкі. У вачах — спакой і дабрыня.

— Прабач, што не магу стоячы вітаць — ногі пабітыя…

Але цар нібыта і не чуў і не заўважаў анічога наўкол.

— Уладыка! За што пекла такое?! Што мне, акаяннаму, рабіць? — і ён асунуўся на падлогу каля мітрапалітавага лежака. У келлі больш нікога не было.

— Ад нараджэння жыццё чалавечае — пекла, калі Богам не мацуецца. За грахі, за страсці нашыя пакаранне…

— Тысячы жывымі згарэлі — усе грэшнікі?!

— Аб тым толькі Бог ведае.

— А ты… Ты, хто надзеў на мяне цярновы вянок царавання, што-небудзь ведаеш?! — у голасе цара абудзілася злосць.

— На царства вянчаў я цябе ў Божым доме з Божымі запаведзямі. Толькі яны ўратуюць і цябе, і царства тваё… — голас мітрапаліта асіп, з грудзей вырваўся кашаль. Убачыўшы, што госць прыўзняўся і наструніўся, супакоіў: — Нічога, гэта ад агня… Пройдзе.

Але цар, думаючы пра сваё, як не пачуў:

— Дык што ж рабіць мне?

— Не прынось на алтар улады сваёй смерці бязвінныя! — словы мітрапаліта прагучалі ўпэўнена і выразна. — Выпусці з цямніцаў бязвінна асуджаных. За што зланцужаны старац Максім Грэк? А дзед твой Міхайла Глінскі? А сотні іншых?!

Цар нібыта сам хапануў полымя. Глядзеў на Макарыя, на яго густыя абпаленыя бровы, што зрасталіся-сыходзіліся над пераноссем, і ўтрапёна міргаў. А затым быццам абудзіўся і кінуўся да дзвярэй:

— Маліся за мяне, уладыка!

— Пастой… Пастой хвіліну. — Макарый паклікаў паслушніка і папрасіў прынесці цару кнігу. Іван прысеў на лаву і правёў даланёй па драўлянай шкатуле, раскрыў. У скураной вокладцы з трыма зіхоткімі спражкамі быў візантыйскі рукапіс Святога Евангелля ад Яна. — Гэта табе падарунак. Яшчэ Максім Грэк мне пра яго цудадзейнасць казаў. А надоечы сам у тым спадобіўся пераканацца: калі сабор гарэў, яно на аналоі стаяла, разгорнутае… Аналой у агні, абваліўся — а на ім ні знаку. Дык хай мацуе дух і справы твае…

Яшчэ там, у Макарыя, у цёмнай келлі Іван прачытаў першыя радкі Евангелля: На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам… Так, прачытаў! Сам!!! Чорныя літары рукапіснага «паўустава» з павеўным нахілам нарэшце склаліся ў ягоных вачах у словы… Словы — у сказ! На цэлы радок!!! Наколькі хапіла руху вачэй і дыхання прашаптаць прачытанае…