Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 31

Алесь Пашкевіч

Словам, як і прадказваў акадэмік Заяц, які стаў кіраўніком перадвыбарнага штаба апальнага кандыдата ў прэзідэнты, падзеі разгортваліся вельмі спрыяльна. Насенне падала на дабрадатную глебу, з-пад якой прабіваўся заканамерны адказ: каб разабрацца з усімі злодзеямі, «праўдарубу» Марозу не хапае ўлады…

Пасля Велікодных святаў апячаталі і гістфакаўскі «Ленінскі» пакой — аднак яго апантаны гаспадар прарваўся ў часовы штабны прытулак, спешна сабраў журналістаў і ва ўніверсітэцкім калідоры, запоўненым здзіўленымі студэнтамі і выкладчыкамі, даў прэс-канферэнцыю.

— Было перавернута ўсё нават у халадзільніку, — абураўся ён. — І гэта ва ўніверсітэце, храме навукі. Які прыклад моладзі?!.. Шукалі на сябе кампрамат, каб знішчыць… Але праўду не схаваеш і не ўкрадзеш! І вось нядаўна мне паведамілі, што Дума плануе зняць з мяне дэпутацкі імунітэт. Аднак няхай яны запомняць: народнага кандыдата ў прэзідэнты Мароза не запалохаць!..

А тут — то машына з «праўдарубам» з моста зваліцца, то ў самалёт не пусцяць… І новыя чуткі папаўзлі па гарадах і весях: з ім ваююць, значыць — баяцца.

Разам з пасведчаннем кандыдата ў прэзідэнты Мароз і яго каманда атрымалі магчымасць афіцыйных сустрэчаў з выбаршчыкамі: на стадыёнах, у залах, на заводах і фабрыках. І калі даверлівы і шчыры ў сваёй любові і павазе электарат пачаў сотнямі і тысячамі ўкленчваць перад ім, Мароз канчаткова паверыў у сваю зорку, у сваё месіянства.

І ён не шкадаваў ні сілаў, ні часу, ні пагрозаў, ні ўсмешак, ні абяцанняў.

…І ён — перамог.

І ў сваёй новай ролі выглядаў упэўнена і спакойна.

— Вынікі выбараў я расцэньваю як вотум народнага недаверу ўраду і мясцовай бюракратычнай уладзе, якая тлусцее на народным горы, — адказаў ён на першае журналісцкае тэлефанаванне-віншаванне ў ноч падліку галасоў. — Цяпер краіна зажыве па-іншаму. Мы адбяром усё нарабаванае! Выкінем злодзеяў з заводаў! Народ уздыхне вальней. Цэнзура ў прэсе будзе адменена, як і манаполія дзяржавы на сродкі масавай інфармацыі. Годзе, нацярпеліся хлусні!..

Вярхоўная Дума на сваім чарговым пасяджэнні ўрачыста абвесціла Івана Уладзіміравіча Мароза першым прэзідэнтам краіны. Прэзідэнт прамовіў прысягу, а вечарам усе — нават колішнія ворагі — былі запрошаныя ў рэзідэнцыю на ўрачысты прыём.

У радасцях і эйфарыі, падалося, Мароз і яго каманда не заўважылі, што на інаўгурацыю прыехала зусім мала замежных дэлегацый. Ды і ўзровень іхняга прадстаўніцтва быў не вышэйшым: два спікеры парламентаў краін-суседак, тры віцэ-прэм’еры, а ў астатнім — паслы ды «нафтазацікаўленыя» грамадскія дзеячы…

ІІІ

1547, 1549, 1551 гады

Мядовы месяц (праз два тыдні пасля вянчання на царства Іван IV ажаніўся з баярскай дачкой Анастасіяй Захар’інай-Кошкінай) прайшоў для Крамля спакойна, як і два наступныя месяцы. Грашавітыя месцічы прызвычайваліся да новых правілаў-законаў і амаль не адчувалі зменаў.