Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 29

Алесь Пашкевіч

— Годзе, плыві назад! — і раптам спакмеціў (як-ніяк, вырас на гэтай вадзе), што Мароз пачаў нерухомець і нярвова ўскідваць рукі. Дыханне яго збілася. Плывец глытнуў вады, кашлянуў і, сполашна крутнуўшы галавой, выхрыпнуў: — Сутарга… ногі звяло!..

Керзан кінуўся да яго, але за некалькі крокаў да берага запаволіўся. Сысанкоў неўразумела глядзеў на свае штаны, потым плюхнуўся ў ваду, выпаўз і пачаў знімаць чаравікі.

— Трымайся, Ваня! — як мага спакайней выкрыкнуў Заяц. — Дыхай роўна, зараз мы што-небудзь кінем. — Маланкава забегалі пад акулярным шклом блізарукія вочы: па прытаптаным беразе, па старой вярбе… Намогся адламаць галіну — але раздумаў і ў тую ж хвілю ўбачыў лейчыну (яшчэ летась суседскія падшыванцы збіраліся прымастачыць гушканку).

Ён па пояс ускочыў у ваду і, крыкнуўшы «Хапайся за ляйчыну!», кінуў яе да Мароза. Кінуў удала — небарака цапнуў яе яшчэ ў лёце…

— А цяпер — грэцца, грэцца і слухаць старэйшых! — задыхана прасіпеў Мікалай Сымонавіч і неакадэмічна мацюкнуўся.

І яны зноў пілі — ужо без тастоў. Толькі Мароз, адкашляўшыся і расцёршы гарэлкай непаслухмяныя ногі, зірнуў на сваіх захмялелых таварышаў, устаў і — чаканячы кожнае слова — вымавіў на адным дыху:

— За майго хроснага, які асвяціў мяне ў гэтай вадзе!

* * *

— …Падвялі Вы мяне, Мікалай Сымонавіч, пад манастыр! — Іван Мароз выглядаў змораным і сумным.

Зранку ён прыехаў на гарадскую кватэру да Зайца і, не распрануўшыся, не аббіўшы з шапкі і ботаў снег, выцягнуў з унутранай кішэні складзеную гармонікам газету: — Вось, з сямі ранку па кіёсках ляжыць…

Прайшлі на кухню. Пакуль заварвалася кава, Заяц паспеў прачытаць перадавіцу саўмінаўскай газеты з кідкай назвай «Бервяно ў дэпутацкім воку». Аб тым, які зубаскал і дэмагог народны абранец Мароз, аб страшэнным стане эксперыментальнага інстытута, якім ён кіруе, як здзекуецца са сваіх падначаленых. І нейкія эканамічныя раскладкі, і словы сведкаў…

Мароз сядзеў на невялікай прафесарскай кухні і нярвова пастукваў вузлаватымі пальцамі па стале, а калі газета была адкладзена, стрэліў пачырванелымі ад бяссоння вачыма:

— Ну што скажаце? Здорава размазалі?! І як пасля гэтага?..

Мікалай Сымонавіч зняў акуляры, нечакана ўсміхнуўся і — вочы ў вочы — прамовіў цвёрда:

— Размазваюць, мой дарагі, масла па булцы або сэплі па шчоках. А за гэта ты яшчэ рэдакцыі і заказчыкам праставіць павінен!

Мароз насупіўся і неўразумела ўтаропіўся на Мікалая Сымонавіча. Той падставіў табурэт бліжэй да госця:

— А ты, чую, сам з раніцы ўжо прастаўлены! Апошні раз кажу: пераставай піць. Ці кідай усё — і пі.

Хвіліну памаўчалі, і загаварыў Мароз:

— Ды разумееце… Яны кабінет мой апячаталі, справы нейкія завялі… Я як воўк абкладзены… — і замоўк, паглядаў на прафесара і соп.

Заяц уздыхнуў, дастаў з халадзільніка пляшку каньяка, наліў:

— Значыць так. Гэта — заместа валяр’янкі. Затым ляжаш выспішся. А заўтра збярэм прэс-канферэнцыю. І калі ты воўк — час паказаць зубы! Запомні і супакойся: цяпер усё, што ідзе зверху супраць цябе — працуе на тваю карысць. Прынамсі, у вачах электарату.

— Дык у іх жа структуры…