Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 30

Алесь Пашкевіч

— Стварай, пакуль ёсць час, і ты свае.

— Як ствараць, калі — ні кабінета, ні тэлефона?!

— Садзіся ў мой, дэканцкі. Ці стой… Пустуе ў нас на факультэце колішні «Ленінскі» пакой, дзе засядаў парткам. Там і ўваход ёсць асобны. Чым не часовая штаб-кватэра?

— Дык жа й вас пагоняць за тое — і з кабінета, і з працы…

— Адганялі мяне ўжо, Ваня! — Мікола Сымонавіч зноў пранікнёна зірнуў у вочы свайму вучню і ўздыхнуў: — Ногі ўжо не тыя, каб бегаць. Ды і колькі ж мне зайцам быць?!

Мароз задумаўся, затым хітнуў галавой і выпіў.

— Паўтараю, як на лекцыі: яны мусяць абараняцца, а ініцыятыва — у тваіх руках. І — не дрэйфі! Усё будзе добра! — Мікалай Сымонавіч усміхнуўся ласкава-блізарукімі вачыма і моцна абняў госця.

…Ён быў шчыры, крыху нехлямяжы, надзвычай актыўны не толькі ў новай дзейнасці, але і ў пошуку сяброў. Мог падвезці на сваёй машыне заклятага ворага, з імпэтам браў удзел у калектыўных наведваннях лазні, ахвотна запрашаў у свой кабінет або на кватэру цікавых для яго людзей — выпіць і пагаварыць.

Праўда, гасцей ён падзяляў па ступені важнасці, значнасці і сваёй да іх прыхільнасці: каго частаваў самагонкай ды салам — і каго крамнай гарэлкай з кілбасой.

«Дыпламатыя» давала плён. Рыхтавалася, напрыклад, на тэлебачанні ў «жывым» эфіры перадача па праблемах навакольнага асяроддзя — разам з навукоўцамі з Акадэміі навук запрашаўся і дэпутат Мароз. І гаварыў не толькі пра экалогію…

На пачатку кожнай справы можа быць выпадковасць. Калі на выпадковасць пачынае працаваць заканамернасць — прыходзіць перамога. Заканамернай было грамадскае спачуванне і павага да выкрывальніка народных ворагаў. Заканамернай стала і падтрымка яго групай маладых дэпутатаў, якіх гісторыя назаве «ваўчанятамі». Яны — таксама заканамерна — убачылі ў актыўным дэпутаце сілу, здольную разварушыць старую цытадэль кіраўнікоў і бюракратаў.

Тое ж — па прафесіі сваёй — не маглі не ўбачыць і адпаведныя дзяржслужбы бяспекі: падтрымалі, падказалі, дзе трэба — і дапамаглі…

І «ваўчаняты», вучачыся і сталеючы, кінуліся ў бой. Аб’ездзілі амаль усе раёны краіны, ладзілі сустрэчы дзе толькі маглі: у клубах, на вакзалах, на рынках, у крамах. Гаварылі (найперш ён, Іван Мароз) проста і адказвалі зразумела — тое, што хацеў пачуць стомлены інфляцыяй ды безвыходнасцю народ. Яны паказвалі прычыну абясцэньвання грошай і жабрацтва-галечы. Прычыну — традыцыйную: злодзеі. Нават не адзін-два, а цэлая каста, названая яшчэ нядаўна невядомым простаму вуху замежным словам мафія. І яно, слова мафія, стала ў народзе найбольш ужывальным (балазе яшчэ не забыўся паказаны тэлесерыял пра італьянскіх мафіёзі і барацьбіта з імі камісара Катані). Мафіяй пачалі называць усіх і ўсё, што так ці інакш асацыявалася з поспехам, багаццем, з карупцыяй, — хоць многія нават не маглі правільна вымавіць тое слова. Ну а на кіношны вобраз змагара з «махвіяй» арганічна накладаўся свой — бясстрашнага дэпутата Мароза…

Народ патанаў у разгубленасці. Заробленыя за месяц грошы за некалькі дзён з’ядала інфляцыя. Цэны раслі. Раслі ў сталіцы ды па-за ёй і княжскія палацы. Першымі — чыноўнікаў ад партыі, саўміна і нафты. Следам — і тых, хто меў магчымасці-«сувязі»: браў у банках крэдыт, пераводзіў «паперкі» ў валюту — і праз паўгода аддаваў пазыку, а за астатак будаваў сабе шматпавярховыя харомы, уцякаючы з бетонных гарадскіх катухоў. А тыя, хто заставаўся ў хрушчоўках, люцелі ад зайздрасці і злосці.