Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 28

Алесь Пашкевіч

— І так каралеўскі палац! Раскулачваць можна! — упэўнена падрахаваў Мароз і першым выйшаў на балкон, прыгладзіў над залысінамі чарнявыя валасы і выдыхнуў на поўныя грудзі:

— Кра-са-та!..

Вечаровае сонца мякка ружавела ў яблыневых пялёстках, усміхалася ў салодка-дымных вуголлях мангала і хавалася за разлапістай прырэчнай вярбой. Стол стаяў пры зацемненай сцяне пад балконам, абвітым садовымі павоямі. Шашлык атрымаўся, і каньяк быў яго далікатнай аправаю.

Прагучалі тосты за гасцей і гаспадара, і апошні, узняўшы келіх, пацішыў голас:

— Згадалася мне прыпавесць, некалі расказаная за сяброўскім келіхам чарнагорскім прафесарам… Вялікі стол, жыццё-выпіўка… А праз некалькі чарак-гадоў застольнага тамаду перасталі чуць, яшчэ праз некалькі — і слухаць…

— Не турбуйцеся, Мікалай Сымонавіч! Мы вас — толькі скажыце — заўсёды пачуем! — хацеў перавесці размову ў жарт павесялелы Сысанкоў, але Заяц хітнуў галавой:

— Не, хлопцы… Вялікая, думаю, справа чакае вас наперадзе. Імперыя, у якой я нарадзіўся й пражыў, рассыпалася. Цяпер кожны за сваім сталом сядзець хоча. Краіна нашая — незалежная і роўная сярод вялікіх. І ёй патрэбен тамада-прэзідэнт.

— Дык у нас жа па канстытуцыі — парламенцкая дзяржава… — пасля одумнай паўзы вымавіў Мароз.

— Да сапраўднага парламентарызму мы яшчэ не дараслі. А былыя ўладары ад кампартыі і спецслужбаў ужо вызначыліся са сваім стаўленікам. І калі ён уссядзе на сталец — краіну чакае адкат у мінулае… — Заяц уважліва агледзеў гасцей: здалося, слухаюць пранікнёна, зацікаўлена. — Дык вось, прапаную тост: вып’ем за новага кіраўніка нашай краіны! І хачу, каб ім стаў не выкармыш партыйных чынушаў, а… адзін з вас, дарагія мае малодшыя сябры. Будзьма!

Выпілі моўчкі. І задумаліся, памякчэлі, падабрэлі. І размовы пачалі здавацца бясконцымі, аж пакуль расчырванелы Сысанкоў не агаломшыў-узгадаў:

— Штой-та мы з-за гэтай палітыкі на раку забыліся. Пайду, пакуль не сцямнела, пысу абмыю. — І, няўпэўнена расстаўляючы ногі, пасунуўся ў канец агарода. За ім, крэкнуўшы, падаўся і Керзан.

А Мароз зноў наліў у кілішкі, падсунуўся да настаўніка і, не міргаючы, спытаў:

— Вы аб тым прэзідэнцтве — сур’ёзна?

— Як ніколі раней! — Заяц, узняўшы свае савіныя бровы, якія напалову прыкрылі шкельцы акуляраў, таксама глыбока ўгледзеўся ў свайго колішняга студэнта. — Ты, Іване, маеш усе шанцы перамагчы. Рыхтуй каманду і — думай. Павер мне: цяпер ці ніколі! І хай адсохнуць мае ногі, калі ты не станеш прэзідэнтам!

Яны амаль па-гусарску ўсталі і выпілі. А затым абняліся і задумаліся.

— Пайду экскурсантаў праведаю, — першым узварухнуўся Мароз. — А то яшчэ патопяцца, памочнікі…

А тыя, распрануўшыся да трусоў, цялёпкалі на сябе карычняватую, настоеную на старых карэннях ваду і пыхцелі ад задавальнення.

— Эх, качуры, ці так ахалоджвацца трэба? — падцвяліў іх Мароз і, пакуль падышоў Мікалай Сымонавіч, распрануўся да гала і нырцануў у ваду.

Усе анямелі, а затым радасна ўскрыкнулі, калі яго галава вытыркнулася з рачной роўнядзі. Два «экскурсанты» пачалі апранацца, а гаспадар «фазэнды» аніяк не супакойваўся: