Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 27

Алесь Пашкевіч

Расчыніліся дзверы Успенскага сабора, і па пляцы хваляй прайшоў ні то шэпт, ні то стогн. На белым з пазалотай троне, які неслі чатыры рослыя стральцы, у святочным убранні сядзеў каранаваны цар. З абодвух бакоў цягнулася світа япіскапаў, святароў, манахаў. Усе ўзносілі да неба агульную малітву з просьбай умацаваць новага ўладара духам справядлівасці ды ісціны. Ззаду, схаваныя ў доўгія футры ды высокія рознакаляровыя шапкі-камілаўкі, ступалі баяры і асыпалі трон дажджом залатых і срэбных манетаў — трон новага нашчадка грэчаскіх і рымскіх імператараў.

Аб тым, праўда, не ведалі ні ў Афінах, ні ў Рыме, ні нават у бліжэйшым Кіеве. І на тое не давалі дабраславення ні патрыярх Канстанцінопальскі, ні Рымскі1…

2

1992 год

Калі белая «Волга» па-заліхвацку крутнула ў расчыненую брамку і стоена піскнула-прытармазіла, Заяц ужо спускаўся да яе. З машыны выйшлі трое маладых мужчын. Першым з гаспадаром абняўся плячысты высун Іван Мароз, колішні студэнт Мікалая Сымонавіча, а цяпер — народны дэпутат і дырэктар эксперыментальнага ўніверсітэцкага інстытута.

— Ну, паказвайце сваю фазэнду, — шчыра ўсміхнуўся і бліснуў зубамі— часночынамі.

За ім, працягнуўшы аграмадную даланю і з цікавасцю абмацаўшы зрэнкамі-каштанамі, прывітаўся кіроўца Сяргей Сысанкоў, мажны старшыня прыўхвацкага калгаса і па сумяшчэнні — таксама народны дэпутат.

Трэці госць, Віктар Керзан, невысокі, не да часу пасівелы чалавек з вайсковай выпраўкай, паспеў выкласці з багажніка тры вялікія пакункі з прадуктамі ды выпіўкай і вітаўся стрымана.

— Калі ласка — у хату, — запрасіў Мікалай Сымонавіч, але прыезджая тройка захацела «аддыхацца» на вуліцы.

— Мы лепш у ваш хвалёны сад, да травы, — прапанаваў Мароз, і ўсе падаліся на задворак, дзе роўнымі шыхтамі патаналі ў квецені яблыні.

— І дзе тут ваш надзел? — па-гаспадарску пацікавіўся Сысанкоў.

— Плота яшчэ не паставіў… — ніякавата паціснуў плячыма Мікалай Сымонавіч. — Але заместа яго — кусты смародзіны і агрэсту. Добра ўзняліся, а?..

— Ды тут і рэчка пад бокам! — абудзіўся Сысанкоў. — Хто са мной пот сталічны змыць? — і бадзёра пастукаў па сваім ладным жываце.

— Не-не, што вы… — збянтэжыўся Мікалай Сымонавіч. — Вада яшчэ халодная, зімная.

— Якая зімная, калі вясна заканчваецца?! Мы худымі падшыванцамі дома на Вялікдзень купаліся! — не пагадзіўся Сысанкоў, але да рэчкі, якая сваім вірлівым бокам клапатліва атуляла агарод лецішча, не пайшоў.

— Так, лепш давайце мангал распалім, а то скора бутэлькі закіпяць, — спакойна азваўся Керзан. — Можа, іх паставім у лядоўню?

Агонь успыхнуў адразу, і яны пайшлі ў дом — двухпавярховы катэджык з чырвонай цэглы, узведзены на колішнім радзінным котлішчы Зайцоў. У вітальні-гасцёўні быў адмысловы музей: старыя патэфоны, гармонікі, прасы, фотакарткі. На другім паверсе — бібліятэка і кабінет, з якога звісаў у сад — з выглядам на рэчку — жалезны балконік.

— Па сутнасці, дзесяць гадоў майго прафесарска-акадэмічнага жыцця адабрала будаўніцтва, — распавядаў гаспадар. — З ацяпленнем і газам яшчэ не разабраўся. Часу няма — жыццё дэканцкае даймае…