Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 26

Алесь Пашкевіч

— Як цябе завуць?

— Мацей, княжыч…

І раптам Іван ускочыў, падбег і схапіў каравульніка за каўнер каптана, злосна прашыпеў:

— Я, халопская морда, будучы гаспадар усяе Масковіі і твой цар! Запомні!..

— Я… я й не забываў гэтага, Вашая вялікасць, — неўразумела, з ноткамі сполаху ці зніякавеласці прагаварыў каравульнік.

І тое спадабалася, нават акрыліла Івана, але выгляду ён не падаў:

— Хачу ведаць, дзе Шуйскі.

— Ды адпачывае яшчэ…

— Дзе?!

— У… — каравульнік пацепнуў шырокімі дужымі плячыма. — У Вашых царскіх пакоях…

Івана перакрывіла. Хацеў штось выкрыкнуць, але голас сарваўся.

Ён вярнуўся да стальца, моцна сціснуў параненай рукой высокую спінку і загадаў:

— Аспіда Шуйскага выгнаць з палаца, вырваць яму жала лютае і кінуць у маю псарню! Сабаку — сабачая смерць! Ложа, ім апаганенае, спаліць!

Агаломшаны каравульнік задам пасунуўся да дзвярэй, і ўзбуджаны Іван ужо наўздагон кінуў яму:

— А пасля таго, як справішся з усім, быць табе, Мацей, маім галоўным пасцельным і ахоўнікам!

Праз некалькі хвілінаў соннага і неўразумелага Шуйскага стральцы сцягнулі за валасы на гаспадарчы двор. Ён спрабаваў адбівацца і крычаць, і Мацей схапіў яго за горла і не адпускаў, пакуль не адчынілі дзверы псарні.

— Ну вось, — піхнулі цела Шуйскага некалькі ног, — цяпер гаўкай.

Але задушаны Шуйскі ўжо не мог гаварыць…

Купалы Успенскага сабора зіхцелі на студзеньскім марозе мядовым золатам. Хрумсцеў свежым снегам Крамлёўскі дзядзінец — пад ботамі і валёнкамі. Увесь служывы люд Масквы і нават аддаленых слабодаў з’ехаўся-прыйшоў падзівіцца на гэтае відовішча: «асвячэнне на цара» маладога гаспадара Івана Васільевіча.

Яны, стомленыя жыццёвай няпэўнасцю, азлобленыя на ліхвярствы баяраў, даведзеныя да бядоты і голаду высокімі падаткамі-цяглам, чакалі зменаў. Чакалі яшчэ з 1543 года, калі пасля малебну ў прысутнасці мітрапаліта Макарыя княжыч абвесціў вярхоўным баярам пра свой намер вянчацца на царства. Вянчацца не як вялікі князь, а як цар.

Прасталюд асабліва не разбіраўся ў тым. Ён проста хацеў парадку і пэўнасці. Хацеў гаспадара — каб той навёў урэшце ў краі парадак. Хацеў, каб меней было пакражаў. Каб стала ўсё зразумелым і вызначаным, як і раней.

На званіцах Івана Вялікага і Сабора Дабравесця — дамавой царквы маскоўскіх уладароў, якая насупраць, праз тысячу локцяў — рвалі глоткі царскія гласары, але просталюд слаба разумеў іхнія словы.

— …Маскоўская дзяржава і ёсць тое шостае царства, якое згадваецца ў апакаліпсісе… Яшчэ ў старагрэчаскіх летапісах напісана: над родам Ізмаіла запануе род русых… Дзякуючы Богу міласэрнаму і клопату цара нашага Івана Васільевіча Масква нараджаецца як новы Канстанцінопаль, новы Царгорад…

Народ неўразумела ператоптваўся на месцы. Хтосьці спрабаваў перапытваць у суседзяў, што азначае пачутае, але і іншыя толькі пацепвалі плячыма, а некаторыя і падавалі нецярплівы голас:

— Цара давай! Нашага цара-бацюхну хочам бачыць!..

І ўдарылі над дзядзінцам царкоўныя званы, і захісталася ў іх узнёслым перазвоне наваколле. І паскідалі пачырванелыя на холадзе мужыкі шапкі свае. І пачалі спешна хрысціцца.