Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 25

Алесь Пашкевіч

Здзіўленыя вартавыя расчынілі перад княжычам дзверы, а ён не заўважыў іх — няўцямна ступаў па замерзлай зямлі двара, не адчуваючы холаду, і яго заплаканыя вочы станавіліся лёдам.

Праз няпэўны час — ноч яшчэ не мінула, хоць надарваны масляністы блін месяца ўжо зачапіўся за купалы Успенскага сабора, — ён няўпэўнена пастукаў у акаваныя дзверы мітрапалітавай рэзідэнцыі. Адчыніў заспаны паслушнік, правёў у цёмную вітальню, акрыў кажухом.

— Пачакайце, Вашая светласць, — прагаварыў дрыготкім голасам, — я зараз разбуджу Уладыку. — І бегма кінуўся па скрыпучых прыступках наверх.

Мітрапаліт Макарый у чорным падрызніку спусціўся да нечаканага госця, прыставіў да стала посах і перахрысціўся:

— Гасподзь усеміласэрны! Што, княжыч, здарылася? Што з тваімі рукамі?!.

А Іван яшчэ доўга не мог прамовіць і слова: прадаўгаватая яйкападобная галава з завостранай макаўкай дрыжэла, нямытыя русыя пасмы закрывалі вочы з кароткімі рэдкімі вейкамі, кажух спадаў з худых плячэй, — і мітрапаліт, выправіўшы паслушніка, папрасіў:

— А ты ў рукавы, у рукавы рукі… Адагрэйся…

Іван глядзеў у адну кропку: ці на край сталешніцы, ці на мітрапаліцкі посах, — маўчаў і адкідваў за лоб валасы; кроў з параненай рукі расціралася па ссінелым твары, і выгляд ягоны быў жахлівы.

Княжыча напаілі малінавым адварам і хацелі прапанаваць паспаць, але ён матнуў галавой і нарэшце зашаптаў:

— Яны поядам жаруць мяне і рабуюць сабранае бацькамі маімі!.. Яны спяць на ложку маім з гуляшчымі сукамі і не знімаюць ботаў!.. Яны — гэтыя шуйскія, бельскія ды іншыя сабакі бесавыя — атруціўшы маці маю, рыхтуюць і мой зыход…

— Божа, што мовяць вусны гэтыя маладыя?! Іван, ты — царскі наступнік, Госпадаў памазанік. І баярскія козні — твая закалка. Малі няўтомна Бога, каб даў табе трываласці і веры вытрымаць гэтыя выпрабаванні. І я аб тым няспынна ва Усявышняга вымольваць буду.

Іван нечакана аціх, перастаў калаціцца, павольна ўзняў галаву — выцягнуўшы доўгую шыю — і наскрозь пранізаў Макарыя халоднымі шэра-зялёнымі вачыма:

— Кажаш, я царскі наступнік?

— Так. Ад людзей і Бога. І недалёкі ўжо дзень вянчання твайго на сталец царскі, бо якраз табе наканавана стаць сапраўдным валадаром зямнога царства праваслаўнага. — Мітрапаліт прыхінуў расчуленага княжыча да сябе і абняў. — Рыхтуйся да гэтага…

Іван праспаў у мітрапалітавых пакоях астатак начы, увесь новы дзень і ўсю наступную ноч. Раніцай наспех падсілкаваўся і апрануўся ва ўсё новае: на прычасаных валасах — таф’я з чырвонай парчы з жэмчугам, паверх яе — вялікая пярсідская ціяра, падшытая чарнабурым лісам; доўгая вышытая кашуля без каўняра; доўгі каптан з вішнёвага аксаміту, сціснуты жоўтым пасам; востраносыя, пакрытыя пурпуровым атласам боты; лёгкае сабалінае футра на плячах…

Ён апрануўся і, не развітаўшыся з мітрапалітам, рашуча пашыбаваў да каланадаў княжскага палаца, прайшоў у тронную залу, сеў, не скідаючы футра, на сталец, выклікаў галоўнага каравульніка і спытаў: