Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 24

Алесь Пашкевіч

— Бясплодную смакоўніцу выкідваюць з саду! — загаварыла баярская дума, і жанчыну, не зважаючы на перасцярогі княжскіх духоўнікаў і новага кіраўніка пісчага загаду Максіма Грэка, зняволілі ў манастыры.

Васілій, нават для адчэпу не правёўшы традыцыйнага параду-глядзелак нявестаў, на заходні манер згаліў бараду і павёў да алтара сірату Алену Васільеўну Глінскую, якая і нарадзіла яму нашчадка. І рана аўдавела. І, таксама не здолеўшы ўзвесці велічныя сцены новага Царгорада, рана пакінула гэты турботны свет, а ў ім — свайго васьмігадовага першынца Івана…

* * *

Ужо не першую гадзіну яго білі нярвовыя дрыжыкі. Ноч паглынула княжскія палацы. Аціхлі п’яныя крыкі баярскай гулянкі, а Іван не знаходзіў адхлання: захутваўся ў коўдры, накрываўся падушкамі — і ніяк не мог супакоіцца, сагрэцца. Балела збітая аб каменную сцяну рука, унутры пякло і калаціла, у заплюшчаных вачах успыхвалі вогненныя шары — і бесперапынна ліхаманіла.

А тут яшчэ стук у дзверы.

— Княжыч, адчыні!

Ён маўчаў.

— Адчыні, а ні то выб’ю дзверы!!!

Грукат пабольшаў, хадуном захадзіў вушак, і ён вылез з ложка, адкінуў засоў.

Дзверы расчыніліся і гухнулі аб сцяну. У спачывальню ўвапхнуўся апякун Шуйскі, а за ім нясмела вызірвала напаўраспранутая дзеўчына.

— Што, ваўчанё, прыціх? — дыхнуў на Івана перагарам няпрошаны зáйшла і падпіхнуў ніжэй спіны сяброўку: — Баярыня Марфа зажадала праверыць, ці не зацвярдзела царскае ложа…

Марфа апусціла галаву, хаваючы вочы — і няяркае святло свечкі выхапіла ў змроку яе пульхныя вусны і расчырванелы твар.

Івану не хапала паветра. Задыхаючыся і калоцячыся, ён пачаў павольна адступаць да супрацьлеглай сцяны, а Шуйскі хмыкнуў — ажно перасмыкнуўся сухі кадык — і сеў на ложак.

— Што маўчыш? Ці не рады гасцям? Ці думаеш, што я, нашчадак па старэйшым калене Аляксандра Неўскага, не раўня табе, сапліўцу? — крыва ўсміхнуўся, спадылба зіркнуў на Івана, кашлянуў — і гулліва вымавіў да дзеўчыны: — Марфу-у-ута! А ты што заледзянела? Ходзь сюды! — і пастукаў даланёй па коўдры.

Марфа дробнымі крокамі наблізілася да ложка, і Шуйскі схапіў яе за локаць, паваліў на пярыну:

— Лябёда мая… Царыца… — зашаптаў юрліва. — А якая гарачая, а якая спраўная…

Ён ірвануў на яе ўздымных грудзях кашулю, грубавата падмяў дзеўчыну пад сябе і соладка засоп. Рудая падрэзаная барада паплыла па бялявай лагчынцы да жывата, вострыя бровы казытнулі набухлыя смочкі — і раптам галава адарвалася ад дзявочага лона.

— А што ты тут зіркаеш? — крыкнуў Шуйскі на збянтэжанага Івана. — У адрозненне ад вашай косткі я — не сквапны. Хочаш — дапамагай, а не — вон адсюль!

Івана, здалося, аблілі варам. Балюча застукала ў скронях, яшчэ мацней закалаціліся рукі. Ён, сцяўшы кулакі, кінуўся было на Шуйскага, але, схапіўшыся за більца ложка, стогна крыкнуў і выбег са спачывальні.

Босы, у начной сарочцы, як самнамбул-здань, ён пáмарачна спусціўся ў тронную залу, мінуў трапезную, выйшаў праз драўляны каланадны калідор да высокіх сходняў палацавага ганка.