Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 23

Алесь Пашкевіч

— Што гэта?

— Я пад галаву падклаў быў, каб вышэй, каб дыхаць лягчэй табе было… — адказаў ніякавата Сілуан.

Максім правёў даланёй па далікатна вырабленай скуры, адшпіліў тры медныя спражкі і беражліва разгарнуў манускрыпт.

— Паводле Яна Святое Дабравесце… — прашапталі вусны. Вазок хістала, і ён акуратна закрыў кнігу — і заплакаў.

Сілуан — сядзеў насупраць — сціснуў вусны (нос на яго аграмадным твары зусім змізарнеў), насцеражыўся:

— Нешта не так?

— Усё так. Усё так… — у адказ усміхнуўся скрозь слёзы Максім Грэк.

І калі праз шэсць новых дзён шляху Сілуан прыбег ад вазка Палеалогаў з кепскай навіной: у пляменніцы імператара Зоі, не прывыклай да вандроўнага жыцця, моцна забалеў страўнік, манах зноў дастаў са скрыні скураны манускрыпт — і, спраўляючы малітву, кнігай перахрысціў дзяўчыну. І боль ураз адступіў…

Усе дзівіліся таямнічай моцы манускрыпта, а ён — манах брацтва янітаў — спакойна хітаў галавой і паўтараў:

— Так-так. Усё так. І анічога дзіўнага. Мы схіляемся да абразоў, рукатворных Божых выяваў — і яны лякуюць нас. А што незвычайнага ў тым, калі нас ратуе слова Божае?!

Кніга засталася ў вазку Палеалогаў — як найкаштоўнейшая святыня іх колішняй візантыйскай спадчыны…

Пачалі трапляцца невялікія паселішчы, дзе пагрэцца можна было ўжо і ў нізкіх драўляных хатках. А затым, пасля нягеглай дарожнай цвержы-вартоўні, пайшла ўкатаная дарога, затуманіўся дымамі краявід — і пачалася Масква. Драўляныя заснежаныя слабодкі змянялі адна адну: шэрыя сцены дамоў і лавак, скурчаныя сады, прысады, абледзянелыя зрубы калодзежаў… Манастырскія купалкі цэркваў… Затым вышэйшыя дамы, каменны гасцінны двор. І зноў слабоды, лаўкі, дамы, прысады — аж да небакраю, наколькі хапала позірку.

— І гэтага — трэці Рым?! — неўразумела зіркаючы з-за апоны па баках, здзіўлена паўтараў Сілуан і чухаў малы пачырванелы нос. — Ці гэта я, напіўшыся перад ад’ездам, упаў і моцна стукнуўся галавой аб сходні салоніцкага палаца?..

Яны даехалі да зубчатай сцяны Крамля з каменнымі вежамі, за якімі месціліся княжскія палацы, дамы набліжаных баяраў ды некалькі цэркваў з манастыром, і выправілі паслоў з тлумачамі. Палеалогаў — Фаму і яго дачку Зою — у іхніх вазках, з імператарскім пасагам, а таксама пасольскую світу і прыслужнікаў правяла за сцяну ўзброеная варта — рослыя дзецюкі ў доўгіх рудых кажухах, падбітых і аблямаваных футрам, з шырокімі каўнярамі ніжэй лапатак, у высокіх шапках-мурмолках. Астатнія ж — ахова, павадыры, манахі — падаліся на пастой у бліжэйшую слабаду…

…Першым прапісаў ідэю асвячэння Масквы як трэцяга Рыма тутэйшы мітрапаліт Зосіма. Ён выклаў яе ў прадмове да новай рукапіснай «Пасхаліі» — календары царкоўных падзей на наступнае тысячагоддзе. Ці было яму адкрыццё, ці ён сам прыдумаў тое, што Нябёсы дабраславілі новага Канстанціна — Івана ІІІ — і новы Царгорад — Маскву, — засталося невядомым. Праз трынаццаць летаў пасля з’яўлення «Пасхаліі» Бог паклікаў Івана ІІІ да сябе на суд, а княжскія землі падзялілі паміж сабой яго пяцёра сыноў. Старэйшаму Васілію дасталіся дзве траціны княства: 66 гарадоў з Масквой-сталіцай. Невядома, ці дабраславілі Нябёсы новага «Канстанціна» на чарговае стварэнне Царгорада, але дзяцей яму ад венчанай жонкі — баярскай дачкі Саламаніды — не далі.