Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 22

Алесь Пашкевіч

Раптам успалашыліся коні. «Ваўкі! Ваўкі-ы-ы!!!» — закрычалі ззаду. Максім Грэк адхінуў скураную апону і адразу ж убачыў іх: доўгая зграя гонкіх шэра-чорных звяроў злятала са снежнага ўзгрыўку наперарэз ягоным саням. Два ўпрэжаныя конікі нярвова захраплі, заматлялі прыўзнятымі галовамі — і рванулі ўбок, далей ад ікластай зграі. Дзесьці пад імі і снегам рака нечакана падала ўніз. Водны парог быў нябачны пад снегам, хоць і не замерзлы.

— Стой! Сто-ой!!! — роў на коней вознік, а на возніка — праваднікі з абозу. Гохнулі некалькі пішчольных стрэлаў, і ў той момант палазіна саней натыркнулася на штось цвёрдае (камень?), сані рэзка віхнуліся набок, штосьці пад імі хруснула — і Максіма абдало марозным агнём. Ён хапіў паветра — і ледзь не захлынуўся вадой. Узняў руку, зачапіўся за апону і паспрабаваў прыўзняцца — ды зноў уваліўся ў марозны кіпень. Затым чыясь моцная рука сціснула ягоную — і выцягнула на свет Божы…

Спалоханыя коні, паламаўшы аглоблі, крышылі грудзьмі лёд, сані патаналі ў снезе і бурлівай вадзе, а над Максімам паўставала парнае воблака. Каля яго завіхаўся палеаложскі прыслужнік Сілуан, які выцягнуў манаха з халоднага віру і цяпер накрываў доўгай скурай.

Стрэлы напалохалі зграю, і ваўкі раптоўна, як і з’явіліся, зніклі. Як цені д’яблавыя…

Памаліўшыся і прывязаўшы мокрых коней ззаду абозу (утопленыя сані ўжо не адрамантаваць), рушылі далей. Максіма Грэка запрасіў да сябе Сілуан, сані якога былі большымі — на іх везлі некалькі скрыняў кніг.

— Хвала Госпаду за тое, што не яны пад лёд упалі, — прашаптаў Максім і, цяжка дыхаючы, лёг. Аднак і накрыты ён не мог сагрэцца.

А вечарам ягонае цела пачало гарэць. Манах штось неўразумелае трызніў, але глыбокі хрып вырываўся з грудзей, і ён намагаўся ўзняць галаву; скура напіналася на вострым коўціку, пад ім устрывожана пульсавала трапяткая вена… ды сілаў не было. Сілуан азірнуўся ў цёмным будане, каб штось знайсці — падкласці нябогу пад галаву. Намацаў за спіной скрыню, дастаў важкую, аплеценую мяккай скурай кнігу і асцярожна падсунуў пад кучаравыя, яшчэ вільготныя валасы манаха. Той нечакана заціх, пачаў дыхаць спакайней. Здалося, заснуў.

А праз некалькі гадзінаў абудзіўся здаровым. Нібыта нехта ўдыхнуў у яго незвычайную моцу, спакой, упэўненасць. Ужо была ноч — але светлая; поўня люстравалася ў зляжалым снезе. І ён папрасіў спыніцца, пазваў пагрэцца ў будан возніка, а сам пад неўразумела-здзіўленыя позіркі Сілуана палез па лейцы — і да наступнага прыстанку, да глыбокай раніцы і агульнай малітвы адмаўляўся ад падмены. А затым — чырвонашчокі, з пасівелымі ад марознай шэрані барадой, вусамі і брывамі дапамагаў валіць і цягаць аграмадныя сухастоіны, ды і ад ежы адмовіўся. «Хвала Богу, сыты», — сказаў, адышоў да саней, дастаў з кішэні ружанец — і пачаў новую малітву.

А калі зноў рушылі і манах убачыў у санях, дзе зусім нядаўна ляжаў у хворым бяспамяцтве, вялікую кнігу ў скураных вокладках, спытаў здзіўлена-сполашна: