Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 21

Алесь Пашкевіч

— …Дык ці скора яна, тая Масковія? І ці праўда, што тамтэйшы базілеўс, ці князь па-іхняму, не дачакаўся патрыяршай булы і загадаў называць сябе імператарам, царом? — пытаў, энергічна паціраючы далоні, Максім Спартанец. — Ці не было тое заявай на візантыйскую спадчыну?

— Пабачым, — спакойна ўздыхнуў Максім Грэк і схаваў у накладную кішэню ружанец — келейны, не на сто «зярнят»-напамінаў пра малітву Ісусаву, а на тысячу, з большым кожным дзясятым «прыпынкам». Кукаль манах апусціў на спіну і прыгладзіў свае наравіста-кучаравыя, з русым адценнем валасы. — У Кіеве ад манашства я многа чаго чуў… Ён, маскоўскі князь Іван, прысвоіў сабе тытул гаспадара ўсяе Русі, гэтым самым заявіўшы сваё права на Кіеў і Полацак. Невядома, што будзе з вольнымі гарадамі Псковам і Ноўгарадам. Але чалавеку — чалавечае, а Богу — Богава. — Манах узняў сваю прадаўгаватую галаву, адкрыўшы востры коўцік, і назіраў, як ад вогнішча адрываюцца і кружляюць у паднеб’е ігрыста-ружовыя матылькі-іскрыны.

— Эх, раней мы і не чулі пра тую Масковію, а цяпер вось даводзіцца снягі да яе церці, — уздыхнуў, калупаючыся дручком у вуголлі, малады і дужы прыслужнік Зоі Палеалог Сілуан, сын канстанцінопальскага ліцейшчыка. І без таго аграмадны, у накідках-скурах ён выглядаў волатам. Толькі дробны, крыху ўзняты нос сведчыў пра яго добры і мяккі характар. Зноў уздыхнуўшы, Сілуан нечакана згадаў: — Я калі ў кузні бацьку дапамагаў, у самы санцапёк, марыў, бывала, каб у лёдзе паляжаць, а тут вось…

— Кароткі век чалавечы, як і ўсялякай дзяржавы, акрамя Нябеснай, — не адрываючы вачэй ад агня, загаварыў Максім Грэк. Гарачыя языкі ўсполыхаў адлюстроўваліся ў ягоных валошкавых зрэнках і, здавалася, вось-вось расплавяць іх. — Я прачытаў некалькі летапісаў і хронік аб тым краі. Розных. Масква нараджалася як калонія, заснаваная русамі ў чужой фінскай зямлі. Яшчэ два-тры стагоддзі таму Масковія гарэла ў братазабойчай вайне паміж нашчадкамі Уладзіміра Манамаха. Юрый Даўгарукі ачоліў войска-калонію і падаўся на паўночны ўсход шукаць новыя землі. Ішоў той дарогай, па якой і мы: праз лясы, між ложаў Дняпра і Волгі… Падпарадкоўваў сабе іншыя плямёны. І збудаваў паходны лагер перасяленцаў, які і стаўся Масквой… Затым, як Божае пакаранне за пралітую кроў — доўгае нашэсце арды.

…Дагарэла вогнішча. Зыркае яшчэ вуголле насыпалі ў катлы і глыбокія жалезныя місы, паставілі ў вазы: яшчэ з гадзіну-дзве будуць леціць-грэць. Запрэглі коней — і санны караван выбраўся з прылеску ды зноў пасунуўся заснежанай поймай ракі.

Сонца — як аграмадны мандарын з афонскага саду — завісла злева ад іх і, здавалася, не спяшыла заходзіць за ледзяны небакрай, баючыся абмарозіцца. А як прыгожа некалі, думалася Максіму Грэку, яно садзілася ў фіялетава-малочныя хвалі — нібыта няўцерп было, перагрэтаму, нырцануць у марскую прахалоду… «Чаму сонца асвятляе ўсю зямлю? Бо вандруе па свеце, — згадаліся словы прападобнага брата Філафея. — Так і святая кніга павінна асвятляць землі Гасподнія…».