Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 17

Алесь Пашкевіч

Гарадок быў заліты сонцам і пахам пераспелай смоквы. Старанна злепленыя з камянёў дрымотныя сцены манастыра. Да глянцу нацёртыя падэшвамі прыступкі. Прахалода і мядовы бляск абразовых акладаў дзеючай царквы…

— Не хочаце, гасподар прафесар, пабыць каля машчэй святога Пятра? — вывеў з задуменнасці ціхі голас Янкавіча.

— Так, дзякуй.

У невялікім пакоі пад белымі зводамі сценаў перад авальным акном стаяла рáка. Над ёй — тры сціплыя абразы. Манах у чорнай рызе і дзве бабулькі ў чорных хустах укленчылі перад мармуровым узвышэннем. Янкавіч перахрысціўся, за ім аўтаматычна і Заяц.

«Ну вось, — падумаў, — савецкі навуковец, камуніст… Бачыў бы хто з нашых…»

Затым яны сядзелі на каменнай лаве пад ценем невядомага дрэва з тоўстымі і прадаўгаватымі — як рыбы — лістамі і чакалі астатніх.

— А багатая бібліятэка ў манастыры? — як скрозь дрымоту спытаў Заяц.

— Так. — Калега загадкава апёк яго зіхоткімі зрэнкамі. — Але візантыйскага Евангелля ад Яна там няма…

У апошні дзень канферэнцыі Янкавіч запрасіў Зайца да сябе на вячэру — у прыгожы белы дом пад чырвона-рудаватым дахам. Разам з ім тут жыў і стары бацька — прафесар гісторыі. Невялікага росту, сухі, сівыя бровы і вейкі, але пад імі — жвавыя каштанавыя вочы. Абрадаваўся госцю, пахваліў, што пакланіліся Пятру Цэціньскаму. Гаварыў па-расійску амаль без акцэнта, толькі зрэдку ўстаўляючы сербскія словы:

— З ім, святым Пятром, і вашай краінай — цэлая гісторыя. Калі падмацуецеся і захочаце паслухаць старога, магу распавесці… — і з чвэрць гадзіны ў цяністай прахалодзе гучаў ягоны лаўровы голас: — Святы Пётар Цэціньскі, наш цудатворац і дзяржаватворац, вучыўся ў Пецербурзе, а потым ужо як архімандрыд адправіўся быў да царыцы Екацярыны прасіць дапамогі свайму праваслаўнаму народу. А царыца яго не прыняла… Затым яго рукапалажылі ў Карлаўцах у сан архіярэя Чарнагорскага, на што быў атрыманы дазвол аўстрыйскага імператара. І зноў падаўся Пётар да сваіх мацнейшых братоў, братоў па духу і веры — з просьбай аб падтрымцы, але князь Пацёмкін загадаў яго выгнаць з Пецербурга. Гарэтніка ўкінулі ў паліцэйскую павозку і гналі дзень і ноч без спачынку да самай мяжы — як ліхвяра, а не архіярэя. Маўляў, які архіярэй без дазволу русійскага Сінода? Вось як! Нібыта не ўсё агульнае пад Божым небам і не аднолькавую сілу мае… — стары зморшчыў лоб і часта заміргаў вачыма, кашлянуў, глынуў астылай гарбаты і працягнуў: — А калі вяртаўся Пётар, на Чарнагору напалі туркі, скадарскі візір Махмут-паша Буш1. Шмат людзей панішчылі. Разрабавалі Цэціньскі манастыр. І былі голад і холад, і елі кару дрэў ды малолі на муку карэнне і траву жучэніцу… І не было падтрымкі ад русійскага праваслаўнага брата.

— Прабачце, а ў якім гэта было годзе? — перапыніў Заяц.

— У 1785-м. Напрыканцы, словам, XVIII стагоддзя. — Стары зірнуў на наструненага сына і памякчыў свой тон: — Ну Вы ж, я думаю, не будзеце крыўдаваць на маю крытыку палітыкі русійскага царызму? Яна ж цяпер ва ўсёй савецкай гісторыі выкрываецца… — зірнуў уважліва, хоць і далікатна, зноў глынуў гарбаты. — Дык вось, туркі яшчэ двойчы напрацягу некалькіх гадоў нападалі. І абраны мітрапалітам святы Пётар у Бога заступніцтва прасіў. І перамаглі Буша і ягонае войска. — Старэйшы Янкавіч памаўчаў і дадаў як штось выбаленае: — Не разумею я і еўрапейскую, і русійскую палітыку… Што ёсць нашыя Балканы? Гэта апошні рубеж-бастыён праваслаўя, славянства, калі заўгодна. Зямля, прыціснутая з поўдня нястомным ісламам, а з поўначы — змораным каталіцызмам. Аслабеем мы — заўтра ваяўнічы іслам увойдзе ў надувену… пыхлівую Еўропу! Скорымся мы — і хто са славянскіх народаў падзякуе і паверыць багатай і моцнай Русіі?