Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 15

Алесь Пашкевіч

У кабінеце пафасна забомкаў гадзіннік. Субачаў наструніўся і падагульніў:

— Вось, у асноўным, і ўсё. — Падняў з падлогі на стол чамаданік-дыпламат, з узнятым настроем шчоўкнуў замочкамі і выклаў тонкую каленкоравую папку. — Тут тое-сёе з сабранай інфармацыі. Аднак, — ён далікатна ўсміхнуўся, — перакананы, што Вы і так аб многім ведаеце. Як аб тым схіманашскім пострыгу Жахлівага… — і пасля невялікай паўзы закончыў ужо наспех і казённа: — Праявіце, калі ласка, усю адказнасць. Пра тое, што аб гэтым аніводная іншая душа не павінна ведаць, нагадваць, думаю, не варта. І яшчэ… Калі спатрэбяцца нейкія кансультацыі з боку багаслоўскага, тэалагічнага — вось тэлефон памочніка патрыярха. Дапамогуць у любы час…

…Тэатральныя рухі сцюардэсы… З тыгрыным рыкам турбіны пажыраюць «газу». Нярвовыя стыкі пліт на бетоннай «узлётцы». Зацяжны надрыўны разбег. Добра, што не пашкадаваў у аэрапорце каньяка…

Незразумелая далёкая сіла адрывае ад зямлі — як некалі зробленыя дзедам арэлі, і ўсе роздумныя трывогі: што там? як там? — застаюцца ззаду, не паспяваюць за самалётам. І вось — традыцыйная смактулька «Узлётная», нечаканая марознасць у салоне, узбітыя плантацыі бавоўны ў ілюмінатары… І непланаваны сон. Ажно да самай пасадкі, калі пад табой — мутная аправа іржава-бірузовых гор, як праз малы акуляр бінокля ўбачаныя змейка-дарога, чырвонагаловікі дамкоў, рознакаляровыя лáткі палеткаў, укроп дрэў… Усё раптам мітусліва пачало большаць, разбягацца і ўцякаць… Надзьмутая гума гохкае на разагрэты бетон — і можна адшчоўкнуць папружку…

Аэрапорт «Београд». Пашпартны кантроль, дарога да чыгуначнага вакзала… Усё ж добра, што ў Маскве яго ўладкавалі на самалёт, а не кінулі прарываць дзяржаўныя межы ў вагон цягніка — з перасадкай у Празе.

Аднак на вузкім пероніку ў Падгорыцы яго ніхто не сустракаў. Хоць і было дамоўлена… Сноўдаюць людзі — хто з валізамі, хто з кветкамі… Вярнуўся назад да вагона, перашкаджаючы дабірацца да выхаду іншым пасажырам, трывожна стаў збоку і зноў пачаў разглядваць мінакоў. «Господар Зец — СССР», — прачытаў на белым аркушы… Стоп, Зец… Па-сербску «Заяц»…

— Добар дан! Канферэнцыя ў Падгорыцы?

— Так, добро дошлі! Прафесар Богдан Янкавіч, — знаёміцца даўжэзны маладзён у джынсавых шортах ды памаранчавай майцы і пераходзіць на расійскую, зрэдку блытаючы націскі. — Рады вас бачыць. Калі ласка, пойдзем да машыны…

Белая айчынная «Застава», у багажнік якой ледзь змясцілася сумка, ганарліва фыркае сінім воблакам, але бяжыць бадзёра. Праз апушчаныя вокны ўрываецца салёна-падсушаны вецер і мякка гладзіць твар.

— А я ўжо думаў сам дабірацца, бо не адразу даўмеўся, што Зец — гэта я, Заяц…

— Ох… — ледзь не прытармазіў чарнявы даўгун Янкавіч, рукам якога і нагам яўна не зашкодзілі б лішнія дэцыметры салона. — Прашу прабачыць… Так, прозвішчы не перакладаюцца! Гэтую паперку мне далі ў сакратарыяце дэканата. Не крыўдуйце…

— Ну што вы?! Наадварот — пачуваюся сваім!.. — Заяц усміхнуўся і раптам загледзеўся на казачны краявід справа: гара (ці скала?), прывязаная-прыфастрыгаваная да зямлі (ці да неба?) дрэвамі, зрывалася да фіялетава-бірузовага возера, гарэзна кружляла разам з дарогай… А ў вадзе юрліва купалася сонца (ці вада — у сонцы?)…