Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 16

Алесь Пашкевіч

— Прыгожа… — прашаптаў госць, на што шафёр радасна хітнуў маладжавай галавой (на выгляд яму каля сарака) — і паддаў «газу»…

Ягоны даклад быў на пленарным пасяджэнні. Заяц і падрыхтаваўся, і стараўся — як ніколі: і нечаканка ў звароце, каб захапіць увагу залы, «антытэза — тэза» і гэтак далей. Ён гаварыў пра ролю кнігі ў развіцці чалавецтва, пра славянскіх друкароў Скарыну і Фёдарава.

— Вось першыя асноўныя цуды свету… — Заяц упэўнена падняў да аўдыторыі далонь і пачаў загінаць пальцы, — монатэізм, кола, палёт чалавека ў космас і… кніга! — Калі ён задумваўся, на адкрытым ілбе з раннімі залысінамі выяўлялася глыбокая вертыкальная баразна-маршчына, а доўгія бровы ўзнімаліся рымскай пяцёркай — як у савы. Заяц усклаў рукі на канты трыбуны і пасля невялікай паўзы закончыў: — А кніга можа стаць і міжнародным сімвалам. Сімвалам яднання, братэрства, грамадскай візітоўкай. Такой, як скіпетр, сцяг… Вось, напрыклад, інкунабулы Візантыйскай бібліятэкі. Некаторыя з іх пасля падзення Канстанцінопаля былі перададзеныя Палеалогамі ў Маскву. Прыкладам — Евангелле ад Яна. Як сведчылі прадстаўнікі княжскай дынастыі Негашаў, яна затым перахоўвалася ў чарнагорскіх манастырах. Дык вось уявіце сабе… — Заяц адышоў ад трыбуны і наблізіўся да першых шэрагаў залы. — Калі б гісторыкі, архівісты адшукалі яе — яна б стала сімвалам-сцягам усяго славянства ад гэтых югаслаўскіх гор да гор Урала!..

Пытанне яму было зададзена толькі адно: «Чаму сярод цудаў духоўна-інтэлектуальнага развіцця чалавецтва Вы не назвалі адкрыццё сонечнай сістэмы?».

— Гелеацэнтрызм, на маю думку, не зрабіў каардынальнага ўплыву на культуру. Ну круціцца зямля вакол сонца ці не… Чалавек бачыў, як штовечар яно, сонца, хаваецца-«памірае», а пасля начы зноў нараджаецца. Гэта і адкладвала ў ягонай псіхалогіі адбітак… Адлюстравалася ў міфалогіі і фальклоры…

У перапынку многія падыходзілі да яго, хвалілі за даклад, але — аніводнага, нават ускоснага намёку пра кнігу Евангелля! Ну хай там замежнікі, немцы ці французы, якія й чуць аб ёй не чулі… Але ж тутэйшыя, сербы, чарнагорцы?..

Вечарам было застолле. Мора традыцыйнай ракіі, каньяка, лікёра «Горкі ліст»… Любіў Заяц гэтую справу, але стрымліваўся: хто яго ведае, як там абернецца? Усё ж — замежжа…

Назаўтра працавалі асобныя секцыі, і ён пайшоў на «Культуру і гісторыю Балканаў». Паслухаў даклад прафесара Янкавіча аб ролі нацыянальнай паэзіі ў станаўленні сербскай дзяржаўнасці, яшчэ з дзясятак карацейшых выступаў — і пасля кава-паўзы пайшоў у гатэль адпачыць. Зранку былі запланаваныя экскурсіі: цеплаходам у Бока-Каторскі заліў, на Скадарскае возера і ў Цэціньскі манастыр. На выбар. Зразумела, ён выбраў апошняе: там захоўвалася старадаўняя бібліятэка.

І вось — напаўпусты (большасць удзельнікаў канферэнцыі падалася да мора) «Ікарус» хутка адлічыў паўсотню кіламетраў ад Падгорыцы і завіляў па вузкіх вуліцах Цэціні.